Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманыя ў Тайляндзе лётчыкі будуць пад вартай 12 дзён


Крымінальны суд Тайлянду ўхваліў запыт аддзелу па барацьбе са злачыннасьцю аб тым, каб падоўжыць яшчэ на 12 сутак арышт пяцёх чалавек экіпажу транспартнага самалёта, які накіроўваўся з Паўночнай Карэі з грузам зброі і сеў у Тайляндзе на дазапраўку.

Пад вартай працягваюць знаходзіцца грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў, грамадзяне Казахстану Віктар Абдулаеў, Віталь Шумкоў, Аляксандар Зрыбнер і Ільяс Ісакаў, перадае Інтэрфакс са спасылкай на газэту "Бангкок пост".

Інтэрнэт-старонка выданьня падае, што цяпер затрыманыя знаходзяцца ў спэцыяльнай турме Бангкоку.

Паводле крыніцаў "Бангкок пост", дыпляматы Казахстану і Беларусі ў Тайландзе ўжо прызначылі адвакатаў пілётам, якія абвінавачваюцца ў незаконным валоданьні зброяй.

Раней МЗС Беларусі пацьвердзіла, што ў складзе экіпажу затрыманага ў Тайляндзе самалёта са зброяй знаходзіцца грамадзянін Беларусі.

Самалёт Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA) з амаль 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі, затрыманы 12 сьнежня ў аэрапорце Дон Мыанг у Бангкоку, дзе прызямліўся на дазапраўку.
XS
SM
MD
LG