Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніч (інак Мікалай; да пострыгу Алег Бембель) – філёзаф, паэт, манах Жыровіцкага Сьвята-Ўсьпенскага манастыра. Працаваў у Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Ф. Скарыны, у Інстытуце філязофіі і права АН Беларусі, адкуль быў звольнены за выдадзеную ў Лёндане кнігу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Рэха малітвы”, “Саната ростані”, “За мурам” ды інш. Нарадзіўся 16 сьнежня 1939 году ў Менску; з 1996-га жыве ў манастыры ў Жыровічах.


Што для вас свабода?

Хто не ў Хрысьце – абмежаваны,
Нібы ў малым чаравіку,
Альбо – як вершнік зацугляны,
Ці у кайданы хто закуў.
Нехрысьціянскія “мадэлі”
Сьветабудовы й грэшных нас,
Нібы дзіцячыя арэлі,
Што гойдаюць зь бясчасься ў час.
Хто зьведаў існую Свабоду,
Што даў нам Бога-Чалавек, –
Вяртае Богу зь веку ў век
Даўгі Адамавага роду…

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Грэх.
Як Еву Зьмій абмежаваў
А сьледам і Адама сьціснуў,
Грэх, як атрута, ўсё працяў,
Зачараваў, зрабіў няісным.
Сьвятыя Божыя дары –
Сусьвет, свабоду, навакольле –
Ператварыў у бляск зары,
Недасягальнае ніколі…

Што для вас шчасьце?

Шчасьце – гэта выйсьце зь вязьніцы жарснага, грахоўнага часу.

Чаго вы найбольш баіцеся?

З духам ліхім сябе зьвязаць
У плынным і у вечным лёсе,
Ў спакусах страціць Благадаць,
Што даў Гасподзь мне ў сьвятым хросьце.

Які талент вы хацелі б мець?

Хачу я не адзін, нябога,
Няўпынна чуць і бачыць Бога.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Хто зь верай дбае пра жыцьцё
І Богу дзякуе за ўсё…

Што вы найбольш любіце рабіць?

Ураз: маліцца… і раяліць,
І (трэцім голасам) – рыфмарыць…

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Каб зноў жыцьцё змагло пачацца,
Раней пачаў бы ўцаркаўляцца…

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Якая – на усе вякі – парада?
Ўхіляйся ў сэрцы Кайнавай вайны,
Агню пякельнага – прад бліжнім здрады,
Прад Богам – нераскайнае віны.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябёснае.

У якой палітычнай сыстэме і якой краіне вы хацелі б жыць?

Я жыць хачу там, дзе законы дзяржавы
Адпавядаюць Канонам Царквы,
Дзе людзі жывуць дзеля Божае Славы –
Ад Вашынгтона аж да Масквы.
А дзеля назвы тае краіны
Я ў Бога літасьці папрасіў:
Дай, Божа, жыць Твайму блуднаму сыну
У Трыадзінай Сьвятой Русі…

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Мая эпоха заўжды са мною:
З Царства Нябёснага – ў царства зямное…
Потым – назад, да Крыніцы Натхненьня,
У Богадайны рай летуценьняў…

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зыходзячы з таго, што Беларусь –
Царкоўнае й зямное права
Злучала ў сэрцах напрасткі
І устаяла праз вякі,
Як праваслаўная дзяржава,
А дух ліхі не для забавы,
Як люты зьвер, на нас паўстаў,
Бо славім Госпада-Хрыста
Сымфоніяй Царквы й дзяржавы, –
Я працягваў бы наша, ужо больш як 1000-гадовае, зыглыбленьне ў гэтую жыцьцядайную Сымфонію Богачалавечнасьці…

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам і з Расеяй?

Як і ў час Канстанціна Вялікага,
Сёньня зноў Эўропа – хрысьцьянская:
Праваслаўная, каталіцкая,
А на поўначы – пратэстанцкая.
Беларусь – яе Сэрца… А ў Цэласьці –
Ўсё сумовіцца з Божае Ласкі,
Усе Крэсы хрысьцьянскія – наскія!
Толькі б веры хапіла і сьмеласьці.

Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?

Я ў мянушкі гуляць ня раю –
Ні ў “чужыя”, ані ў “свае”…
Дзеткі бацьку не выбіраюць,
Дзеткам бацьку – Гасподзь дае!

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

“Калі зьменіцца татуля?” –
Прашаптаў у сьне сынок
І матулечку расчуліў:
“Сьпі, дзіцятка, – як дасьць Бог”.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

На Боганатхнёнай Мове
Мы сумовімся з Хрыстом
Шмат вякоў… І ў Бозе-Слове
Наш жыве Царкоўны Дом.
Ну, а сьвецкія гаворкі
І паноў, і мужыкоў
Трэ а б о ж ы ц ь доляй горкай…
…………………………………
Хто пакаяцца гатоў?

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Мо, я зьлёгку глухаваты,
Але сьведчыць Дух Сьвяты:
Я ня чуў ад майго брата –
Беларуса – нематы…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG