Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Максіма Танка, 10
У гэтым доме з 1978 да 2003 году жыў пісьменьнік Васіль Быкаў — выдатны творца і змагар за свабоду Беларусі.
Творы пісьменьніка Васіля Быкава перакладзены на больш як паўсотні моваў народаў сьвету, але нідзе яго не чыталі, ня слухалі і не любілі так, як у Беларусі. Ён быў найвышэйшым маральным аўтарытэтам змаганьня супраць знакаў беларускай бяды — таталітарызму і дыктатуры, і цэнтральным удзельнікам падзеяў непасрэдна на барыкадах. Ягонае слова на сходах і мітынгах рабілася, бадай што, вырашальным.

Прадмова Васіля Быкава стала наймацнейшай падтрымкай публікацыі гістарычнага артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Накаўтам для камуністычнай улады стаў найактыўнейшы ўдзел пісьменьніка ў стварэньні Народнага фронту.

Быкаў, які прайшоў вайну і камуністычны цынізм, выдатна разумеў каштоўнасьць і цану свабоды. Ён і іншым дапамагаў зразумець гэта, — кажа пісьменьнік, журналіст Аляксандар Лукашук:

«Першы раз у гэты дом я прыйшоў да Быкава (дакладней, да паштовай скрынкі) з рукапісам сваёй першай кнігі пра сталінскія злачынствы — трэба была аўтарытэтная прадмова. І Быкаў мяне вельмі зьдзівіў, калі пазваніў празь дзень і запрасіў прыйсьці. Васіль Уладзімеравіч пазьней уключыў гэтую прадмову ў свой збор твораў, а для мяне яна назаўсёды застанецца самай вялікай узнагародай. Пасьля тут я бываў ня раз. І калі ўжо жыў за мяжой і прыяжджаў у Менск зь Мюнхэну, а пасьля з Прагі, абавязкова заходзіў у знаёмы чырвоны цагляны дом, падымаўся на дзявяты паверх, і заўсёды гасьцінная гаспадыня Ірына Міхайлаўна частавала. Мы з Васілём Уладзімеравічам выпівалі па кілішку. Сядзелі за невысокім столікам у невялікім рабочым кабінэце, застаўленым кнігамі, фотаздымкамі, часопісамі. Размовы былі пра палітыку і літаратуру. У суседнім пакоі ля ложка стаяў кароткахвалёвы прымач, па якім гаспадар рэгулярна слухаў „Свабоду“. Сам ён называў гэты рытуал „патрэбай і звычкай душы“. Гэту кватэру ў яго спрабавалі адабраць, скарыстаўшы часовы пераезд у Прагу, каб выпісаць гаспадароў. Гнюснасьць уладаў балюча знэрвавала Быкава, якому заставалася жыць некалькі тыдняў. З гэтага дома Быкаў адправіўся ў шпіталь, зь якога ўжо не вярнуўся».

Дома ў Быкавых бывалі пісьменьнікі і перакладчыкі, кінарэжысэры і навукоўцы, беларускія і замежныя палітыкі, чытачы і знаёмыя з усяго сьвету.

Васіля Быкава ў апошні шлях з Дому літаратара на Ўсходнія могілкі па галоўным праспэкце сталіцы пад дарагімі ягонаму сэрцу бел-чырвона-белымі сьцягамі праводзілі дзясяткі тысяч людзей. А наўздагон тэлевізары выплёўвалі абразьлівыя словы Лукашэнкі…

Гэта было агульнанацыянальнае пахаваньне Пісьменьніка, Чалавека, Беларуса, які ў найноўшай гісторыі нацыі стаў сымбалем яе свабоды.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG