Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялкоўскі: “За гэты год Расея і Беларусь аддаліліся, як ніколі раней”


Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, кіраўнік Інстытуту Нацыянальнай стратэгіі, лічыць, што ў беларуска-расейскіх адносінах назіраецца працэс разводу. Ягоны віноўнік — Масква, а ініцыятар — Менск.

Станіслаў Бялкоўскі узяў удзел у перадачы аб выніках году і прагнозах на год наступны з цыклю — «Неверагодны 2009. Невядомы 2010». Гэты выпуск быў прысьвечаны адносінам Беларусі і Расеі.

Ці стала Беларусь бліжэй альбо далей ад Расеі за гэты год? Ці адрозьніваецца стаўленьне Масквы да Менску пры прэзыдэнце Пуціне і пры прэзыдэнце Мядзьведзеве? Ці падтрымае Крэмль Аляксандра Лукашэнку ў наступным годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Ці запрацуе Мытны саюз? Ці прызнае Менск Абхазію і Паўднёвую Асэтыю?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Неверагодны 2009 — Невядомы 2010». адказваюць: з Масквы, палітоляг Станіслаў Бялкоўскі, кіраўнік Інстытуту Нацыянальнай стратэгіі, з Менску — шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і намесьнік рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч. Чытайце зараз адказы Станіслава Бялкоўскага.

«Лукашэнка, безумоўна, рухаецца ад Расеі ў Эўропу»


Цыганкоў: Гэты год, урэшце, як і любы іншы, быў даволі багаты на падзеі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Я зараз нагадаю нашым слухачам некаторыя зь іх. Атрыманьне Беларусьсю у пачатку года 3-мільярднага расейскага крэдыту, і спрэчка вакол апошняй часткі гэтага крэдыту — 500 мільёнаў, малочная вайна, падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам дамовы аб КСОР (каардынацыйныя сілы апэратыўнага рэагаваньня), сумесныя вучэньні «Захад-2009», інтэрвію Мядзьведзева беларускім незалежным СМІ, сустрэча 10 сьнежня, непрызнаньне Менскам цягам усяго году незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Аналізуючы гэтыя супярэчлівыя падзеі, ці можна даць адназначны адказ на пытаньне — ці сталі ў выніку году ў палітычным, эканамічным, іншых сэнсах Беларусь і Расея бліжэй адзін да аднаго?

Бялкоўскі: Я лічу, што за гэты год Расея і Беларусь сталі такімі далёкімі, якімі не былі ніколі за ўвесь час, што прайшоў ад распаду СССР і прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994-м годзе. Я думаю, што 2009-ы стаў пераломным у сэнсе канчатковага фармаваньня вэктару руху беларускай дзяржаўнасьці пры Аляксандры Лукашэнку. Лукашэнка, безумоўна, рухаецца ад Расеі ў Эўропу, рухаецца павольна, зыгзагамі і пакручаста, бо няма перадумоваў для хуткага руху —
Пытаньне для Масквы толькі ў тым, як уладкаваць развод так, каб гэта, па-першае, не выглядала прыніжальным, а па-другое, каб даўжэй хаваць ад расейскага народу праўду, што саюзнай дзяржавы больш не існуе.
з улікам ягонага гістарычнага досьведу, палітычнай практыкі цягам 15-ці гадоў, а таксама самой прыроды рэжыму Лукашэнкі.

Але гэта рух ад Масквы, і Масква ня можа тут нічога зрабіць. Яна гэта разумее, і спрабуе выкарыстоўваць апошнія эканамічныя рычагі, якія ў яе ёсьць, каб запаволіць гэты рух. Разам з тым Масква таксама ня робіць стаўку на Лукашэнку, афіцыйны Крэмль ня лічыць супрацоўніцтва з Беларусьсю для сябе стратэгічным прыярытэтам. Хутчэй Беларусь усе папярэднія гады была «чамаданам бяз ручкі» для крамлёўскіх кіраўнікоў. І ўсё пытаньне для Масквы толькі ў тым, як уладкаваць развод так, каб гэта, па-першае, не выглядала прыніжальным, а па-другое, каб даўжэй хаваць ад расейскага народу праўду, што саюзнай дзяржавы больш не існуе.

Цыганкоў: Калі гэта развод, то хто тут ініцыятар, а хто — віноўнік?

Бялкоўскі: Віноўнік — Масква, і ініцыятар — Менск. Масква, безумоўна, зрабіла ўсё магчымае, каб адштурхнуць ад сябе Беларусь. Ставіла прыярытэтам выключна эканамічныя пытаньні, асабліва ў сфэры гандлю энэрганосьбітаў, і ігнаравала тыя ахвяры і саступкі, якія яна абавязаная была прыносіць у імя саюзнай дзяржавы, і якія часткова прыносіла ў 90-я гады (дарэчы, яны цяпер ў Расеі лічацца ліхімі гадамі страты расейскага ўплыву, але на самой справе тады ўплыў Расеі на прасторы яе былой імпэрыі быў невымерна большым, чым сёньня).

А ініцыятарам разводу ёсьць, вядома, Аляксандар Лукашэнка, які сёньня ўжо ня хоча заставацца ў поўнай залежнасьці ад Масквы, ён хоча рухацца ў Эўропу, ён хоча набыць новую палітычную і гістарычную якасьць, адчыніць для сябе іншую пэрспэктыву. І ён цудоўна разумее, што адчужэньне ад Масквы стварае для яго магчымасьці руху ў бок Эўропы, пра якія ён раней ня мог і марыць.

«Геапалітычны ўплыў прыносіўся ў ахвяру бізнэс-інтарэсам»


Цыганкоў: Але паведамленьні пасьля сустрэчы ў Маскве 10 сьнежня пра тое, што Беларусь прадала расейскаму «Сбербанку» беларускі «БПС-банк» і што найбліжэйшым часам адбудзецца прыватызацыя комплексу «Нафтан-Палімір» з удзелам расейскіх кампаніяў — хіба гэта ня сьведчыць пра тое, што дзейнічае і перамагае расейская стратэгія эканамічнага і фінансавага ціску на Беларусь? А палітычныя пытаньні проста ўжо ня так важныя для сёньняшняга Крамля...

Бялкоўскі: Безумоўна, гэта так і ёсьць, я пра гэта і казаў. Пра тое, што саюз Беларусі і Расеі ніколі ня быў надта прывабным праектам для расейскай эліты і Лукашэнка ня быў вельмі прымальнай фігурай для Крамля ані пры Ельцыне, ані пры ягоных наступніках. Але ў 90-я гэты праект быў патрэбны і важны, бо ўлада ў Расеі была непапулярнай, а ідэя рэінтэграцыі Расеі і Беларусі вельмі папулярнай. Таму гэта быў важны піяр-крок, які дазваляў Крамлю некалькі ўмацоўваць свае пазыцыі ў расейскім народзе.

У 2000-я гады, калі ўлада ў Расеі
Павялічэньне расейскага капіталу ў Беларусі не азначае росту палітычнага ўплыву Расеі, а зусім наадварот.
стала папулярнай і палітычна стабільнай, гэты козыр ужо быў непатрэбны. Зь іншага боку, Крэмль ня мог зусім адмовіцца ад саюзу Расеі і Беларусі, бо гэта вельмі моцны стратэгічны крок, а стратэгічнага мысьленьня ў Крамлі сёньня няма ў прынцыпе.

Усё, што рабіў Крэмль на постсавецкай прасторы ў гэтым дзесяцігодзьдзі, робіцца ў інтарэсах расейскага капіталу за кошт рэшткавага геапалітычнага рэсурсу ўплыву на прасторы былога СССР. Такім чынам геапалітычны ўплыў прыносіўся ў ахвяру бізнэс-інтарэсам. Таму нарастаньне расейскіх інвэстыцыяў у Беларусь альбо набыцьцё расейскімі кампаніямі тых ці іншых актываў у Беларусі зусім не азначае росту палітычнага ўплыву. Наадварот, палітычны ўплыў у гэты час зьніжаецца. І сёньня Лукашэнка невымерна далей ад Расеі, чым ён быў 5 ці 10 гадоў таму.

Я б, акрамя таго, не зьвязваў рух Лукашэнкі на Захад з рэзкімі радыкальнымі рэформамі ва ўнутранай палітыцы Беларусі. Хаця Расея прызнае любы вынік выбараў прэзыдэнта Беларусі (магчыма, у адрозьненьні ад Захаду), — але Расея ніяк ня можа на яго ўплываць. Таму ў Расеі няма ніякай магчымасьці не прызнаваць тое, што адбылося. Што да Захаду, то яму найперш важны вэктар руху Беларусі. Таму Захад гатовы закрыць вочы на недэмакратызм і аўтарытарны характар рэжыму Лукашэнкі пры ўмове, што будуць выконвацца пэўныя замежнапалітычныя абавязкі. Нежаданьне прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію — адзін з складальнікаў цяперашняга курсу Лукашэнкі.

Таму паўтаруся яшчэ раз: павялічэньне расейскага капіталу ў Беларусі не азначае росту палітычнага ўплыву Расеі, а зусім наадварот. І той капітал, які прыйдзе ў Беларусь, будзе лабістам інтарэсаў Беларусі ў Крамлі. І па-другое, ня трэба блытаць пытаньняў зьнешняй і ўнутранай палітыкі. У сучасным цынічным сьвеце яны часта стаяць адзін ад аднаго даволі далёка.

«Казкі пра тое, што Мядзьведзеў — інтэлігент, а Пуцін — чэкіст, накіраваныя ў асноўным на замежнага карыстальніка»


Цыганкоў: Пэўны час складалася ўражаньне, што ў Мядзьведзева ў адрозьненьні ад Пуціна зусім па-іншаму складваюцца адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Сустракаліся яны часьцей, дэманстравалі поўнае адзінства. Пэўны час нават здавалася, што беларускі прэзыдэнт пачынае гуляць на баку Мядзьведзева і супраць Пуціна. Але гэтую карціну зьмяніла прэсавая канфэрэнцыя Мядзьведзева для беларускіх журналістаў. Рэч ня толькі ў тым, што ён запрасіў туды незалежныя выданьні, а галоўнае — Мядзьведзеў выказаў рэзкае незадавальненьне тым, што Лукашэнка напярэдадні крытыкаваў Пуціна. Ці можна сказаць, што цяпер для Лукашэнкі Мядзьведзеў і Пуцін — абое рабое?

Бялкоўскі: Я мяркую, што так яна і ёсьць. Ілюзіі, што пазыцыя Мядзьведзева чымсьці адрозьніваецца ад пуцінскай, ні на чым не грунтуецца. Прынамсі, да постсавецкіх лідэраў (асабліва тых, якія раздражняюць Крэмль у першую чаргу — Юшчанка, Саакашвілі і Лукашэнка) Мядзьведзеў і Пуцін ставяцца цалкам аднолькава. Мядзьведзеў і Пуцін — гэта прадстаўнікі адной кагорты, адной генэрацыі. Казкі пра тое, што Мядзьведзеў — інтэлігент, а Пуцін — чэкіст, накіраваныя ў асноўным на замежнага карыстальніка. Бо Мядзьведзеў павінен згуляць найважнейшую для расейскай палітыка-эканамічнай эліты ролю легалізацыі яе на Захадзе. Часткова гэтыя казкі працуюць.

Ясна, што Аляксандар Лукашэнка наўрад ці меў нейкія ілюзіі — у адрозьненьні ад многіх назіральнікаў. Проста ён ня мог цалкам спальваць масты, і вымушаны быў абраць для сваёй крытыкі другіх і трэціх асобаў, каб захаваць прастору для манэўру. Разьлічваць на тое, што Мядзьведзеў будзе любіць Лукашэнку — не даводзіцца. Надта вялікая паміж імі дыстанцыя, палітычны генэзіс гэтых лідэраў, іх погляды, характар рэжымаў у Расеі і Беларусі. (Нягледзячы на тое, што абодва рэжымы аўтарытарныя — па сутнасьці яны прынцыпова адрозныя: у Расеі — бізнэс-рэжым, у Беларусі — тыповы харызматычны пэрсаналісцкі рэжым. Таму Беларусь павінна ўспрымаць Пуціна і Мядзьведзева як адзінае цэлае, і ўбіць клін паміж імі ня ўдасца.

Расея падтрымае Лукашэнку, бо заўсёды прыемна падтрымаць таго, хто пераможа незалежна ад цябе


Цыганкоў: А цяпер прагноз на 2010 год. Ці падтрымае Крэмль Аляксандра Лукашэнку ў наступным годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Ці запрацуе Мытны саюз? Ці прызнае Менск Абхазію і Паўднёвую Асэтыю?

Бялкоўскі: Першае. Аляксандар Лукашэнка ня мае патрэбу ў падтрымцы Расеі, каб перамагчы на выбарах. Ён пераможа і без Расеі. Расея гэта ведае, і яна яго падтрымае. Бо заўсёды прыемна падтрымаць таго, хто пераможа незалежна ад цябе.

Другое. Мытны саюз будзе фармавацца з скрыпам і цяжкасьцямі, я і не паручуся, што цягам 2010 году ён рэальна запрацуе. Тут важна разумець, што ня толькі Беларусь пацерпіць ад некаторых захадаў і нормаў гэтага Саюза, але і сама Расея, якая празь яго адчыняе свой рынак для некантраляванай плыні пэўных тавараў з трэціх краінаў.

І нарэшце, трэцяе. Беларусь не прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.

Цалкам тэкст дыскусіі ў перадачы «Неверагодны 2009. Невядомы 2010» чытайце на нашым сайце ў панядзелак. Можна адзначыць, што беларускія ўдзельнікі размовы, Віктар Марціновіч і Андрэй Дынько, далёка не з усім былі згодныя зь меркаваньнямі Станіслава Бялкоўскага.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG