Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ён правёў у турмах, лягерах і псыхіятрычных бальніцах 18 гадоў”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Сёньня прагучаць ня толькі тэлефанаваньні за пятніцу, але й тыя, якія мы не пасьпелі агучыць цягам тыдня, а таксама найбольш адметныя рэплікі, меркаваньні, пытаньні, што ўжо гучалі ад мінулага панядзелка на нашых хвалях.

Па традыцыі адразу знаёмім вас з найбольш актуальнымі званкамі за пятніцу.

Палачанін спадар Уладзімер: Спадар Уладзімер, Полацак: «Напярэдадні Дня правоў чалавека нашы дэпутаты прынялі закон пра абавязковую дактыляскапію. Лічу гэта прамым парушэньнем правоў чалавека. Хай гэтыя спадары на чале з Аляксандрам Рыгоравічам пакажуць асабісты прыклад і пачнуць зь сябе. І каб гэтую працэдуру паказалі па БТ, тады і астатнія пасьледуюць яго прыкладу. У адваротным выпадку я як нармальны чалавек лічу сябе абражаным. Таму што гэтыя спадары мне не давяраюць і загадзя мяне ў нечым падазраюць. Хаця навукоўцы кажуць, што немагчыма знайсьці два падобныя адбіткі, гэта слабае суцяшэньне. Асабіста я ў яго ня веру. Як знаць, а раптам мае адбіткі або адбіткі іншага нармальнага чалавека супадуць з адбіткамі нейкага маньяка ці сэрыйнага забойцы. Да таго ж адбіткі пры жаданьні можна падрабіць, як падробліваюць купюры, што нават экспэрты ня могуць адрозьніць сапраўдную купюру ад падробкі. Вось і паспрабуй пасьля, як кажуць, адмазацца і даказаць, што ты не вярблюд».

Наступнага спадара хвалюе працэдура арганізацыі маючых адбыцца выбараў.

Спадар: «Выбары абавязкова перанесьці на першы выходны дзень, на суботу. Праходзіць у адзін дзень, з 7 да 20 гадзіны. За гэты час можна прагаласаваць усёй рэспубліцы два разы. На выбарчых участках трэба зрабіць скрыні паўтара на паўтара мэтры і вышынёй мэтар, з ДВП. І паставіць на чатыры ножкі. Кабіны з глухой сьцяны, а ля вокнаў сядзіць камісія. Скрыню ня трэба ні апячатваць, ні зачыняць. Яна стаіць па цэнтры, усе яе бачаць, каля яе два столікі, за імі сядзяць члены камісіі, і кожнаму, хто выйдзе зь бюлетэнямі з кабіны, даюць капэрту. Ён кладзе бюлетэнь у капэрту і кідае яе ў скрыню».

Людзей не перастае дзівіць звыклы сюжэт паездак кіраўніка краіны за мяжу.

Спадар Валер Курневіч, Барысаў: «Савет саюзнай дзяржавы адбыўся. Лукашэнку і яго сынка Колю чыноўнікі сустракалі, іх самалёт стаў на прыколе. Лукашэнка сынка цягае ўсюды. Гэта ня зьява, а нейкае цуда».

Па-ранейшаму слухачы працягваюць адсочваць сытуацыю зь цяжкімі наступствамі грыпу. Лекарка Тацяна Барэль з Асіповічаў:

Спадарыня: «На сёньняшняе чысло ў Асіповічах ад пнэўманіі, дакладней сказаць — ад ацёку лёгкіх памерла 5 чалавек. На восьмае чысло з пнэўманіяй ляжала 46 чалавек».

А пачынаўся тыдзень водгукамі, якія так ці інакш выходзілі на тэму ацэнкі дзеяньняў прэзыдэнтаў Беларусі, Расеі, Злучаных Штатаў. Вось рэакцыя на трагедыю ў Пярмі, дзе ў выніку пажару ў начным клюбе загінула больш за сотню маладых людзей.


Спадар: «Мядзьведзеў кажа: трэба жорстка пакараць уладальнікаў начнога клюбу за тое, што недагледзелі. У такім выпадку за тэракты, за непадрыхтаванасьць да стыхійных бедзтваў, за злоўжываньні міліцыі, вайскоўцаў і чыноўнікаў і шмат за што іншае трэба пакараць самога Мядзьведзева. Прэзыдэнта Расеі неаднаразова папярэджвалі пра правапарушэньні ў ягонай краіне».

Дарэчы, злоўжываньняў хапае ня толькі ў расейцаў.

Спадарыня: «Яшчэ падчас праўленьня Буша ў адным з гарадоў ЗША мужчына, апрануўшы маску Буша, стаў на рукі і каленкі, прывязаў ззаду падушку, на якой быў надпіс „Калі хочаш, бі“. Нехта проста сьмяяўся, а нехта і пінаў. За падобную акцыю ў адносінах да Лукашэнкі можна атрымаць 5 гадоў турмы. Тут відавочная розьніца паміж прэзыдэнтам, якога абралі на чэсных выбарах, і Лукашэнкам, які фальсыфікуе выбары на сваю карысьць».

А зараз — амэрыкана-беларускія паралелі

Спадар: «Наконт Дашкевіча — падобна да захопу іншых маладафронтаўцаў і зьяўляецца супрацьапазыцыйнай апэрацыяй, дзяржзлачынствам. А таму што гэта з дазволу ўлады, то падчас зьмены рэжыму за само санкцыянаваньне такіх захопаў трэба будзе караць».

Завяршаем «прэзыдэнцкі», так бы мовіць, блёк наступным званком.

Спадар: «Вось я гляджу: царскі сын (гэта эпапэя Мікалая ІІ) падчас уезду ў Тамбоўскую губэрню падарыў інкруставанае яйка свайму Боцману. Вось цікава, калі Лукашэнка будзе сыходзіць з пасады, ці падорыць Лукашэнка Коля нейкі электрамабіль нейкаму шараговаму салдату?»

Учора быў Дзень правоў чалавека. Вось водгук на яго інваліда Паўла Давыдзенкі.

Павал Давыдзенка: «Ніякай свабоды і правоў чалавека ў Беларусі няма. Падчас кіраваньня Лукашэнкі ўся ўлада зрабілася папугаямі. Што Лукашэнка гаворыць, тое ўсе паўтараюць. А народ пакінулі маўчаць, цярпець і паміраць».

Аляксандар Лявоненка, сябра БХК: «Хацелася б, каб вы ўспомнілі сьціплага чалавека, майго земляка Міхася Кукабаку. На працягу 1970-88 асуджаны 4 разы і правёў у турмах, лягерах і псыхіятрычных бальніцах 18 гадоў. За яго турбаваліся амэрыканскія кангрэсмэны Біл Грын, Робэрт Доўл, акадэмік Андрэй Сахараў. У 1988 годзе, напярэдадні візыту ў ЗША Гарбачова, яго вызвалілі. У жніўні 1991 году быў у шэрагу абаронцаў законнай расейскай улады, прыйшоў да Крамля з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам. У сваёй публіцыстычнай дзейнасьці аддаваў вялікую ўвагу Беларусі і яе праблемам».

Нядаўна адзін са слухачоў заўважыў: сябры нашага радыё сэрцам рэагуюць на чужы боль, несправядлівасьць. Вось званок, які пацьвярджае гэтае назіраньне.

Спадарыня: «Заўсёды цяжка чуць пра чалавечую трагедыю — вось як у расейскай Пярмі. Чуліся і такія словы: карупцыя і неахайнасьць. Вось, браткі-беларусы, а мы запрашаем гэтую карупцыю і неахайнасьць, расейскую абыякавасьць да будаўніцтва на беларускай зямлі іх атамнай электрастанцыі. Не дапусьці, Божа! І пра другое — пра хапун людзей у Беларусі. Разгул поўнай беспакаранасьці. І хапун — не адзінае, на што здольная гэтая беспакаранасьць. Відаць, абараніць сябе мы ўжо ня можам. Ізноў хочацца сказаць: абарані нас, Божа! Дзякуй, хварэю вельмі. Усяго найлепшага ў працы».

Тэму беспакаранасьці ўладаў працягвае такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: «З кнігі дэ Баша і Пант’е „Ўводзіны ў палітыку“: «Жорсткасьць, уціск і хлусьня — неад’емныя спадарожнікі таталітарнай сыстэмы. Ролю прымусовага апарату выконвае НКУС, заняткам якога робіцца не выкрыцьцё злачынстваў, а зьняволеньне пэўных катэгорый насельніцтва па загадзе ўладаў. У сыстэме пануе страх, усе абыякава ставяцца да навакольля. Чалавек як асоба зьнішчаны. У краіне маўклівы нерухомы парадак, парадак могілак».

Чарговы званок — рэакцыя на дыскусійны двубой дэмакратычных апанэнтаў, аднаго зь лідэраў Аб’яднаных дэмсілаў Анатоля Лябедзькі і — прадстаўніка Беларускага незалежніцкага блёку Віктара Карняенкі, пра які мы паведамлялі.

Спадарыня: «Прашу залічыць мой голас на карысьць Анатоля Лябедзькі. Погляд у Лябедзькі больш канкрэтны, ясны і зразумелы. У Карняенкі адсутнічае яснасьць, усе ягоныя меркаваньні даволі расьцягнутыя, нейкая раздвоеная асоба. Нельга быць добрым рэжыму Лукашэнкі і апазыцыі рэжыму — аб’яднаным дэмакратычным сілам».

І зноў — званкі зь міжнародным, так бы мовіць, адценьнем. Валянціна Коўшык з Гомелю.

Валянціна Коўшык: «Зараз у Капэнгагене праходзіць актуальная міжнародная канфэрэнцыя па ахове навакольнага асяродзьдзя. Якая праблема ў гэтым сэнсе найбольш актуальная сёньня для Беларусі?»

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — кандыдат навук, дырэктар Нацыянальнага навукова-дасьледчага цэнтру маніторынгу азанасфэры Аляксандар Красоўскі.

Аляксандар Красоўскі
Аляксандар Красоўскі: «У нас тыя самыя праблемы, як і ў астатняй Эўропы: раз-пораз падмяняем паняцьце экалягічнай чысьціні паняцьцем выгады. Напрыклад, спробы замяніць частку газу бурым вугалем, драўнінай... Між тым менавіта дзякуючы газу мы й сталіся зялёнай краінай. І калі хоць на 10 працэнтаў зьменшым яго спажываньне праз тыя прымітыўныя „альтэрнатыўныя“ варыянты, дык страцім усе шанцы на гандаль квотамі, пра якія размова ішла раней. Ну і забудземся на экалягічную чысьціню, нават тую, што ёсьць у нас сёньня. Мы толькі прайграем! Разьвіваць трэба сапраўды высокія тэхналёгіі. Тады й падправім ня толькі эканоміку, але й экалёгію.

А што да „парніковага эфэкту“, то мне здаецца — можа, яшчэ гадоў пяць, і гэты пухір лопне...»

У адрозьненьне ад дзяржаўных СМІ мы даем слова ня толькі людзям, што падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасьці, але і тым прыхільнікам, нават фанатам рэжыму, якія слухаюць нас. Нярэдка тыя званкі выклікаюць шырокі розгалас. Слухаем аднаго з «адвакатаў» дзейнага кіраўніка краіны.

Спадарыня: «Я з гарачкі заўсёды званю на „Свабоду“. Дыктатар. Вось Сталін быў дыктатар. А ў нас няма дыктатарства. Лукашэнка на вас нуль увагі. Што вы ўжо на прэзыдэнта гаворыце? Што вы ўжо брэшаце? Караван ідзе, а дзяржава ў нас разьвіваецца. Да нас прыяжджаюць, глядзіце, італьянцы з краін усялякіх, паважаюць нашую дзяржаву, пазналі паўсюль. А вы сабе там усё брэшаце! Выбачайце за беларускае слова! Ах, гэта калгасны ўрад у нас! Графскага саслоўя, вы бачыце! Проста тфу, агідна вас слухаць. Шкада, што я не давучылася да прэзыдэнта: вы б у мяне ўсе сядзелі і пяткі лізалі! Я б вас усіх паслала ў Сыбір!»

«Сыбіракі» ў даўгу не засталіся:

Спадарыня Арцёмаўна: «Цэлы цэбар бруду. Яна ўважліва слухае Свабоду. Нават уявіць не магу, які ў яе ціск у гэты момант. Я б ёй параіла глядзець лепей тэлебачаньне, асабліва калі выступаюць рускія бабкі. Ты ўсё выказала? І ня сорамна табе?»

Спадар: «Сярдзітая жанчына, якая званіла ўчора на „Свабоду“, вельмі, відаць, незадаволеная мужам, калі выказвае ўслых свае патаемныя жаданьні».

Спадарыня Лідзія, Менск: «Хачу параіць той жанчыне, што плявалася ў слухаўку, званіць не з гарачкі, а з розуму, і не ўжываць беларускія словы, не паскудзіць нашу мову. Яшчэ хачу ёй параіць пацікавіцца такімі паняцьцямі, як правы чалавека, дэмакратыя і любоў да Бацькаўшчыны».

Падсумоўваем гэтую дыскусію наступным званком.

Спадар: «Ведаеце, ёсьць добрая прымаўка, што камень на адным месцы абрастае. Вось і Лукашэнка аброс сваякамі, кумамі, дзецьмі гэтымі ўсімі. Каб гэтага не адбывалася, трэба ратацыя кадраў. Раскажу, што робіцца на малой радзіме Лукашэнкі, у пасёлку Копысь. Выкапалі падчас будаўніцтва фабрыкі народных промыслаў чалавечыя парэшткі, парэшткі габрэяў. Ну і што ж, вы думаеце, зрабілі? Вывезьлі на сьметнік гэтыя косьці, дый усё! І як я буду пасьля гэтага да іх ставіцца?»

На хвалях «Свабоды» вы слухалі перадачу «Званкі на свабоду» — тыднёвы агляд. Яе вёў Аляксандар Байчун. Нагадваем: тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG