Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Алег Грузьдзіловіч


Карэспандэнт Радыё Свабода. У сераду, 9 сьнежня, арганізацыя "Праваабарончы альянс" назвала працу Алега Грузьдзіловіча найлепшым журналісцкім унёскам у абарону правоў чалавека сёлета.


Што для вас свабода?

Гэта жах, які трэба і прыемна пераадольваць.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Маральныя каштоўнасьці.

Што для вас шчасьце?

Цалкам ня ведаю. Гэта мяняецца з гадамі. Цяпер, магчыма, прырода.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Што раніцай побач ня будзе любімай жанчыны.

Які талент вы хацелі б мець?

Гумарыстычны і музычны.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Таксама мяняецца. Можа, дагэтуль: чытаць, гатаваць ежу, будаваць, прыдумляць віншаваньні, слухаць разумных людзей.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Больш часу аддаў бы выхаваньню і адукацыі дзяцей.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

З парадамі ў мяне туга, я іх прынцыпова ня слухаю і таму не запамінаю.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Гэта пытаньне з таго ж шэрагу.

***

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Хацеў бы жыць у сучаснай скандынаўскай дэмакратыі, але цікавей вярнуцца на 2,5 тысячы гадоў у клясычную грэцкую.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Я хацеў бы жыць на Радзіме, гэта прынцыпова. Калі нарадзіўся беларусам, дык у Беларусі. Нарадзіўся б філіпінцам — на Філіпінах. Зямля паўсюль цудоўная, калі разабрацца.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Пачатак Адраджэньня — Італія, пачатак рэфарматарства — Нямеччына, Кацярына Мэдычы — Францыя, другая палова 19 стагодзьдзя — ЗША, тэхнічная рэвалюцыя пачатку 20 ст. — Менск.

Калі б сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Як першы прэзыдэнт ЗША Вашынгтон, ініцыяваў бы забарону на трэці і далейшыя тэрміны.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Стратэгічнага партнэрства.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Сяброўскія.

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Нельга дараваць злачынствы нікому, нават сваяку.

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Гэта адбудзецца ў чацьвер пасьля моцнай навальніцы, якая прыйдзе пасьля вялікай сьпякоты. Адказ “калі” падказвае і адказ “як”.

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Тут больш пэўна. Здаецца, гэта пачынае адраджацца ўжо пры дзейнай уладзе, але канчатковы вынік будзе залежаць ад зьбегу гістарычных абставін. Калі яны будуць спрыяльныя для Беларусі, працэс паскорыцца. Але можа стацца і наадварот.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Гэтыя беларусы страцяць шанец атрымаць больш выгадныя жыцьцёвыя пазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG