Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bosch трымаецца за кантракт зь Менскім маторным


Рэнэ Шлегель, прадстаўнік фірмы Bosch у Беларусі
Рэнэ Шлегель, прадстаўнік фірмы Bosch у Беларусі

Менск наведалі прадстаўнікі нямецкага канцэрну Bosch, якія абмеркавалі кірункі разьвіцьця бізнэсу на беларускім рынку. Крызіс істотна адбіўся на супольных праектах кампаніі ў Беларусі. Тым ня меней, у наступным годзе Bosch намагаецца замацавацца ў найбольш стратэгічных сфэрах эканомікі Беларусі.

Нямецкая група Bosch адной зь першых прыйшла ў Беларусь у сярэдзіне 1990-х, замацаваўшыся ў шэрагу стратэгічных нішаў: ацяпляльнае абсталяваньне, сыстэмы аховы, запчасткі да аўтамабіляў, бытавая тэхніка і электраінструмэнты.

Шмат гадоў канцэрн супрацоўнічае зь Менскім маторным заводам, пастаўляючы на прадпрыемства элемэнты паліўнай сыстэмы рухавіка. Аднак у 2009-м актыўнасьць зьнізілася — завод ад пачатку арыентаваны на расейскіх аўтавытворцаў, якія сёлета больш стаяць, чым працуюць. Асноўны спажывец беларускай прадукцыі — група кампаній ГАЗ — сёлета за першае паўгодзьдзе замовіла рухавікоў амаль на 10 тысяч меней, чым за такі ж пэрыяд 2008-га. Ня цешаць увагай і мясцовыя вытворцы: МТЗ згарнуў замову на 13 тысяч рухавікоў. Усяго ж вытворчасьць рухавікоў скарочаная амаль на 40%, калі параўноўваць з папярэднім годам.
Будаўнічы сэктар сёлета быў абсалютна мёртвы...

Паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Беларусі, Украіне Рэнэ Шлегель прызнае: маштабы супрацы з ММЗ насамрэч даводзіцца істотна карэктаваць. Аднак адмаўляцца ад праекту нямецкі бок намеру ня мае:

“Што тычыцца захаваньня нашых адносінаў зь Менскім маторным заводам, то нічога дзіўнага няма. Мы ў супрацы з заводам ужо 16 гадоў, і ўвогуле, можа як нідзе ў іншым месцы, нашы адносіны характарызуюцца менавіта стабільнасьцю. А ў крызіс гэта зьніжае ўзровень рызыкі на пэрспэктыву. Што да Менскага маторнага заводу, то сёлета аб’ёмы, натуральна, іншыя. Таму што ў маторнага заводу таксама ёсьць свае кліенты, якія ў гэтым годзе таксама меней набывалі рухавікоў. Таму, на жаль, тут усё прапарцыянальна. Мы ўсе ў гэтай сытуацыі ў адной лодцы”.
Уладзімер Рыбалоўлеў

Згортваньне падчас крызісу цэлых галінаў эканомікі ўплывае на таварную экспансію і ў іншых галінах. Працягвае Рэнэ Шлегель:

“Прыкладам, будаўнічы сэктар. Ён сёлета быў абсалютна мёртвы. Можна лёгка заўважыць, што паўсюль стаяць будаўнічыя краны. Для нас гэта азначае, што электраінструмэнты не прадаюцца, ацяпляльнае абсталяваньне не ўсталёўваецца, сыстэмы бясьпекі не інсталююцца. Таксама ад гэтага пакутуюць будаўнічыя фірмы — нашыя спажыўцы”.

Цягам апошніх трох гадоў найбольшыя паказьнікі інвэстыцый Bosch прыпадаюць на Беларусь — 44 мільёны даляраў кансалідаванага абароту ў 2008 годзе ў параўнаньні з 8 мільёнамі годам раней. Аднак у 2009-м эканамічны крызыс у цэлым нэгатыўна адкарэктаваў бізнэс кампаніі.
Мы ня трацім надзеі, што пераважыць здаровы сэнс і за аснову возьмуць ня проста імпартазамяшчэньне, а будзе творчы падыход з боку тэндэрнай камісіі

Тым больш, што беларускае кіраўніцтва ў жаданьні прадаць больш айчынных тавараў праводзіць досыць агрэсіўную палітыку імпартазамяшчэньня. Ці сутыкаўся Bosch зь яе праявамі? Кіраўнік прадстаўніцтва Bosch у Беларусі Ўладзімер Рыбалоўлеў кажа, што часам праявы штучнага стрымліваньня ў пастаўках прадукцыі бачныя падчас тэндэраў:

“Была праблема ў тэндэры пры пастаўцы ацяпляльнага абсталяваньня ў Менск — па вялікіх катлах для рэканструкцыі ацяпляльных станцый. Падобныя катлы вырабляюцца Берасьцейскім заводам ацяпляльнага абсталяваньня. І асноўны кірунак тэндэру, як мы адчулі, быў менавіта на імпартазамяшчэньне. Вядома, мы працягваем размову зь Міністэрствам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, не адступаем. Бо прапануем прадукцыю, не даражэйшую за берасьцейскую. Мы ня трацім надзеі на тое, што ўсё ж пераважыць здаровы сэнс і за аснову возьмуць ня проста імпартазамяшчэньне, а будзе творчы падыход з боку тэндэрнай камісіі”.

Тым ня меней, паводле Ўладзімера Рыбалоўлева, у наступным годзе Bosch намагаецца замацавацца ў найбольш стратэгічных сфэрах эканомікі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG