Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нафтан-Палімір” — закладнік расейскіх ільготаў


Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку.
Комплекс «Нафтан-Палімір» у Наваполацку.

Сёньня віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што бліжэйшым часам адбудзецца прыватызацыя комплексу «Нафтан-Палімір» з удзелам расейскіх кампаніяў. Наколькі хутка можа адбыцца гэтая прыватызацыя і хто ад яе чакае выгодаў?

Прыватызацыя «Нафтану» прадугледжаная праектам міжурадавага пагадненьня аб пашырэньні супрацоўніцтва з Расеяй у паліўна-энэргетычным комплексе, якое мяркуецца заключыць у лютым 2010 году.

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што магчымы ўдзел удзел у гэтай прыватызацыі «Лукойлу» ці іншых расейскіх кампаніяў«.

«Мы знаходзімся ў стане нізкага старту», — сказаў чыноўнік. І ўдакладніў: практычна 100% акцыяў комплексу знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы.

Фактычна беларускі бок тут пайшоў на саступкі расейскаму ціску. 2 сьнежня расейскі міністар энэргетыкі Сяргей Шматко казаў, што гатовы забясьпечыць льготныя кошты на пастаўкі нафты для беларусаў хіба што ў выпадку ўдзелу расейскіх кампаній у прыватызацыі беларускіх заводаў.

«У нас распрацавана галіновая прапанова беларускім нафтавікам, зьвязаная з тым, што працяг такога льготнага рэжыму быў бы спалучаны з уваходам расейскай кампаніі ў капітал нафтавай інфраструктуры Беларусі», — заявіў Шматко, выступаючы ў Дзярждуме.

Але ўмовы, на якіх зьбіраюцца прыватызаваць комплекс «Нафтан-Палімір», пакуль невядомыя. А разам зь імі — цьмяныя і пэрспэктывы, — разважае эканаміст Тацьцяна Манёнак:
Ва ўмовах крызысу ніхто такія актывы не прадае.

«Трэба глядзець умовы, на якіх гэта будзе прапанавана расейскім кампаніям — ці будзе гэта нейкая гульня ў паддаўкі, альбо сапраўды расейскім кампаніям будуць прапанаваны сапраўдныя пытаньні па прыватызацыі. Бо трэба нагадаць, што зусім нядаўна і сам Лукашэнка казаў, дый наагул экспэрты кажуць, што ва ўмовах крызысу ніхто такія актывы не прадае, бо яны таньнеюць. Але я не лічу, што гэта прынцыпова, бо трэба разглядаць кожны выпадак індывідуальна. Інвэстыцыі ж — патрэбныя».

Акрамя заключэньня прыватызацыйнай угоды па рынкавай цане, Беларусь прад’яўляе да інвэстара патрабаваньні забясьпечыць загрузку комплексу сыравінай і гарантаваць наяўнасьць рынкаў збыту.

Наколькі магчымая прыватызацыя ў найбліжэйшым часе, — залежыць ад шмат якіх фактараў, кажа Тацьцяна Манёнак:

«Працэдура вельмі працяглая. Калі такое рашэньне прымалася цягам некалькіх гадзін перамоў у комплексе зь вельмі важнымі стратэгічнымі пытаньнямі па пастаўках больш ільготных і нафты, і прыроднага газу, то, мабыць, ураду дадзены даручэньні аб паскарэньні гэтага працэсу і, пэўна, аб тых умовах, якія сёньня ставяць гэтыя кампаніі».

Паводле Сямашкі, праект таксама прадугледжвае допуск беларускай дзяржкампаніі «Беларуснафта» да разьведваньня і распрацоўваньня радовішчаў энэрганосьбітаў і да здабычы нафты і газу на тэрыторыі Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG