Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: “БПС-Банк” прадалі затанна


Стэнд БПС-Банку на фінансавай выставе ў Менску, архіўнае фота.

Стэнд БПС-Банку на фінансавай выставе ў Менску, архіўнае фота.

11 сьнежня ўрад Беларусі і Ашчадны банк Расеі падпісалі пагадненьне пра куплю расейскім банкам 93% акцыяў адкрытага акцыянэрнага таварыства «БПС-Банк», ён жа Белпрамбудбанк, за 280 мільёнаў даляраў і заключылі інвэстыцыйнае пагадненьне пра доўгатэрміновае разьвіцьцё Белпрамбудбанку. Напярэдадні продаж БПС-Банку ўхваліў Аляксандар Лукашэнка. Як ацэньваюць гэтую зьдзелку беларускія экспэрты?

Сёньня старшыня Дзяржкаммаёмасьці Георгій Кузьняцоў і кіраўнік праўленьня Ашчаднага банку Расеі Герман Грэф падпісалі дамову куплі-продажу «БПС-Банку» за 280 мільёнаў даляраў і інвэстыцыйнае пагадненьне тэрмінам дзейнасьці да 2014 году. Ашчадны банк да 2014 году выдасьць Беларусі крэдыт у 2 мільярды даляраў і ўнясе ў статутны фонд купленага ім «БПС-Банку» 350 мільёнаў даляраў.

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч
«Прадалі затанна. Гэта буйнейшы банк Беларусі, і цана павінна быць дастаткова высокая. Гэты банк мае філіялы, аддзяленьні ва ўсіх гарадах, ён мае салідную, буйную кліентуру — гэта ўсё цэніцца на фінансавым рынку. Я лічыў, што мінімум 500 мільёнаў, да 1 мільярда кошт павінен даходзіць».

«БПС-Банк», які быў заснаваны ў 1991 годзе, зараз займае трэцяе месца з 32 беларускіх банкаў паводле памеру валавых актываў. Нагадаем, расейскія экспэрты ацанілі банк у 150 мільёнаў даляраў, беларускія — у 450 мільёнаў. Урэшце, прыйшлі да кампрамісу, лічыць эканаміст Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
«Сышліся ў ацэнцы каля 300 мільёнаў даляраў — фактычна на сярэдзіне. У прынцыпе, нядрэнна, нельга сказаць, што прадалі затанна. Іншая справа, што ў Беларусі (у параўнаньні з тым жа расейскім рынкам) пэрспэктывы росту большыя, рынак яшчэ ня вельмі насычаны. Можна было патаргавацца і за гэта яшчэ нейкі бонус атрымаць. Але паводле цяперашняй сытуацыі я лічу, што і нармальна».

Такім чынам, цяпер асноўным уласьнікам «БПС-Банку» стаў Ашчадны банк Расеі, які зараз валодае 93,3% акцыяў Белпрамбудбанку. Інвэстыцыі ў капітал «БПС-Банку» будуць ажыцьцяўляцца не адразу, а часткамі ў пэрыяд да 2014 году. Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа:

«Што тычыцца долі расейскага капіталу ў банкаўскай сыстэме Беларусі, то яна пакуль яшчэ невялікая — складае 9%. Таму само па сабе гэта не такое ўжо і вялікае паглынаньне Расеяй нашай банкаўскай сыстэмы».

Старшыня Беларускай асацыяцыі банкаў Фэлікс Чарняўскі наконт продажу беларускіх банкаў замежнікам выказаў такую думку:

«Тое, што ідзе зьмяншэньне дзяржаўнага капіталу ў банках, будзе спрыяць павелічэньню канкурэнцыі на банкаўскім рынку. Думаю, яшчэ будуць продажы банкаў — гаворка ішла пра Белінвэстбанк, пра частку Белаграпрамбанку, Беларусбанку да 15% на заходніх рынках прадаць акцый. Гэта цалкам нармальны працэс, які будзе спрыяць лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці».

Кіраўнік Ашчаднага банку Расеі Герман Грэф паведаміў, што будзе праведзены рэбрэндынг купленага сёньня банку. Новая назва беларускага банку пакуль яшчэ ня вызначана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG