Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭП адклалі на два гады


Уладізмер Пуцін, Карым Масімаў і Сяргей Сідорскі

Уладізмер Пуцін, Карым Масімаў і Сяргей Сідорскі

Прэм’еры Беларусі, Казахстану і Расеі дамовіліся пра стварэньне адзінай эканамічнай прасторы «трох» не пазьней за 1 студзеня 2012 году.

Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Санкт-Пецярбурзе прэм’ер-міністар Казахстану Карым Масімаў.

Плянуецца, што 75% пагадненьняў, неабходных для стварэньня АЭП, будуць аформленыя да 1 ліпеня 2011 году, астатнія 25% — у апошняе паўгодзьдзе 2011-га, перадае Інтэрфакс.

Аб намеры стварыць Адзіную эканамічную прастору ў лютым 2003 году заявілі прэзыдэнты Расеі, Беларусі, Казахстану і Ўкраіны. 19 верасьня 2003 году было падпісанае адпаведнае пагадненьне.

Пры канцы жніўня 2005-га на саміце кіраўнікоў краін-удзельніц пагадненьня аб фармаваньні Адзінай эканамічнай прасторы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка паведаміў, што ўкраінскае кіраўніцтва лічыць магчымым падпісаць толькі тую частку дакумэнтаў, якая рэглямэнтуе стварэньне зоны свабоднага гандлю. Астатнія дакумэнты АЭП, што прадугледжваюць стварэньне наднацыянальнага тарыфнага органу і мытнага саюзу, Кіеў лічыць непрымальнымі.

Згодна з Канцэпцыяй фармаваньня Адзінай эканамічнай прасторы, асноўнымі прынцыпамі функцыянаваньня АЭП зьяўляюцца забесьпячэньне свабоды перамяшчэньня тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы празь межы дзяржаваў-удзельніц. У Канцэпцыі заяўлена, што Адзіная эканамічная прастора фармуецца паступова – шляхам павышэньня роўню інтэграцыі – праз сынхранізацыю ажыцьцяўляных дзяржавамі-ўдзельніцамі пераўтварэньняў у эканоміцы, гарманізацыю і ўніфікацыю заканадаўства ў сфэры эканомікі і гандлю, з улікам агульнапрызнаных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права, а таксама досьведу і заканадаўства Эўразьвязу.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур сказаў журналістам, што два гады для фармаваньня Адзінай эканамічнай прасторы , якія вызначылі Расея і Казахстан, — “даволі доўгі этап”.

Ён адзначыў, што з 21 пагадненьня, якія цяпер прапаноўвалася прыняць, каб сфармаваць касьцяк для стварэньня АЭП, практычна ўсе прагаворваліся і практычна гатовыя”. Маўляў, “тэксты ёсьць, але ёсьць пытаньні, зьвязаныя з пэўнымі рознагалосьсямі”.

Паводле спадара Тура, дамовіліся сфармаваць два пакеты пагадненьняў дзеля стварэньня АЭП, праца над якімі пачнецца ад 1 студзеня 2010 года. Першы пакет з 15 пагадненьняў дазволіць зрабіць працэс незваротным. Яшчэ 6 пагадненьняў працягнуць фіксацыю таго, што прадугледжвае першы пакет.

“Беларускі бок прапаноўваў завяршыць фармаваньне дакумэнтаў цягам 2010 года, а астатнія паўгода, да ліпеня 2011 года, патраціць на працэдуру ўвядзеньня”, — сказаў Андрэй Тур.

Аднак, паводле расейскага боку, зрабіць гэта будзе складана.
XS
SM
MD
LG