Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія карупцыянэры: гандляры, мэдыкі, настаўнікі


У Магілёве за дзесяць сёлетніх месяцаў заведзена 98 крымінальных спраў па фактах хабарніцтва й злоўжываньня службовым становішчам. Летась іх было 68. Найбольш карупцыянэраў — у гандлі, адукацыі, ахове здароўя. Старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка патрабуе, каб антыкарупцыйныя камісіі праводзілі для выкрыцьця злодзеяў татальныя праверкі.

27 карупцыйных спраў заведзена на гандляроў, сямнаццаць — на супрацоўнікаў адукацыйнай галіны. На рахунку мэдыкаў — 15 спраў. Карупцыянэраў выкрывалі пры заключэньні зьнешнегандлёвых угодаў, правядзеньні аўкцыёнаў ды тэндэраў.

Нарада, на якой агучылі факты карупцыі, была першай для старшыні гарадзкой вэртыкалі Станіслава Барадаўкі. Прычынай росту карупцыйных злачынстваў ён называе нядбайны падбор кадраў:

«Чым праз большую колькасьць рук павінны прайсьці дакумэнты, якія дазваляюць адчыніць краму ці палатку, тым больш падставаў для карупцыі. Калі мы будзем кожны на сваім участку весьці кантроль за падначаленымі нам спэцыялістамі, якія кантактуюць зь людзьмі, тым менш будзе нагодаў для пракуратуры пісаць на нас заўвагі», цытуюць афіцыйныя крыніцы выказваньне галоўнага вэртыкальшчыка гораду.

Незадаволены Барадаўка й працай антыкарупцыйных камісіяў. Год таму іх утварылі на кожным прадпрыемстве гораду. Ад іх чыноўнік патрабуе ўзмацненьня кантролю за выкананьнем антыкарупцыйнага заканадаўства, а таксама правядзеньня татальных праверак для выкрыцьця карупцыянэраў.

Каардынатар камітэту «Народны кантроль», апазыцыйны палітык Рыгор Кастусёў лічыць, што афіцыйна агучаная статыстыка па карупцыі ў абласным цэнтры заніжаная.

Рыгор Кастусёў
«Каб убачыць канкрэтныя прыклады карупцыі, варта пабыць, напрыклад, у раёне вуліцы Сурганава. Там як грыбы растуць катэджы людзей, якія знаходзяцца цяпер пры ўладзе. Кошт катэджаў даходзіць да сотняў тысяч даляраў. Мяне цяжка пераканаць, што гэтыя грошы насамрэч заробленыя. У той жа час варта пабыць у іншых раёнах Магілёва, дзе прайсьці нават немагчыма, да такой ступені там разьбітыя дарогі».

Тыя факты, якія ён паказвае, — гэта толькі па тых людзях, якія парушылі правілы існаваньня ягонай сыстэмы.
98 карупцыйных спраў — гэта чвэрць такіх злачынстваў усяго рэгіёну. Летась за адзінаццаць месяцаў іх было 333. Афіцыйныя крыніцы нават назвалі сярэдні памер хабару. Год таму ён складаў 1500 даляраў. Сёлета пакуль такіх падрабязнасьцяў няма.

Расьце колькасьць карупцыйных злачынстваў у цэлым і па Беларусі. Іх выкрыта на 17% больш, чым летась. У тым ліку на 12% павялічылася колькасьць выпадкаў хабарніцтва, на 42% больш стала крадзяжоў дзяржаўнай маёмасьці і на 63% — злоўжываньняў службовым становішчам.

Рыгор Кастусёў заяўляе, што тэма карупцыі актуалізуецца не выпадкова, бо неўзабаве выбарчыя кампаніі. Для Аляксандра Лукашэнкі барацьба з карупцыяй — улюблёная тэма. Ён умее, зазначае палітык, спэкуляваць на грамадзкім інтарэсе да карупцыйных скандалаў:

«Тыя факты, якія ён паказвае, — гэта толькі па тых людзях, якія парушылі правілы існаваньня ягонай сыстэмы. Ня болей за тое. Але калі чалавек пакаяўся, зрабіў свой унёсак у „абшчак“, іншага слова я не знаходжу, — і ён ужо пры новай пасадзе, яшчэ больш высокай чым была раней».
XS
SM
MD
LG