Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нёман” публікуе невядомую аповесьць Караткевіча


Уладзімер Караткевіч

Уладзімер Караткевіч


Невядомую аповесьць Уладзімера Караткевіча адшукаў літаратуразнаўца, дацэнт БДУ Анатоль Верабей. “Передистория”, напісаная пісьменьнікам па-расейску, будзе друкавацца ў першых двух нумарох часопісу “Нёман” за 2010 год – паведамляе “Наша ніва”.

“Гэта больш за 200 старонак тэксту. Дата, на жаль, пад творам не стаіць. Анатоль Верабей прыйшоў да высновы, што, хутчэй за ўсё, аповесьць напісаная ў канцы 1940-х – на пачатку 1950-х гадоў. Тады Караткевіч вучыўся на філялягічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Аповесьць цікавая тым, што аўтару было каля дваццаці ці крышку больш гадоў. Гэта зусім малады Караткевіч, але ўжо вельмі захоплены як гісторыяй Беларусі, так і гістарычнай тэмай у літаратуры”, – сказаў у інтэрвію “НН” галоўны рэдактар часопісу “Нёман” Алесь Бадак.

Аповесьць апісвае падзеі паўстаньня 1863 году. На думку Алеся Бадака, твор “Передистория” можна ўспрымаць як перадгісторыю Караткевіча-празаіка і пазьнейшых “Каласоў пад сярпом тваім”:

“Яна не дапрацаваная стылёва, але адчуваецца рука пісьменьніка, адчуваецца яго ўменьне выбудоўваць дыялёгі, манера захапляць чытача”.

Раней сёлета паведамлялася, што ініцыятыўная група пачала працу над рыхтаваньнем збору твораў Уладзимера Караткевіча ў 25 тамах. Каардынуе праект Анатоль Верабей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG