Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штанге зарабляе на ўзроўні трэнэраў найлепшых зборных сьвету



Партугальскі часопіс “Futebol Finance” апублікаваў зьвесткі пра заробкі футбольных трэнэраў, якія вывелі свае каманды ў фінальную стадыю чэмпіянату сьвету, інфармуе “Эўрарадыё”.

Больш за ўсіх зарабляе настаўнік зборнай Англіі Фабіё Капэлё – 8 мільёнаў 800 тысяч эўра за год. Трэнэр зборнай Італіі Марчэлё Ліпі атрымлівае 3 мільёны эўра, а настаўнік немцаў Ёахім Лёў – 2,5 мільёна.

Замыкаюць рэйтынг з 32 спэцыялістаў трэнэры Ўругваю, Паўночнай Карэі і Нігерыі. Яны зарабляюць ад 125 да 205 тысяч эўра.

Вядома, што галоўны трэнэр зборнай Беларусі Бэрнд Штанге да заканчэньня кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату сьвету 2010 году атрымліваў 300 тысяч эўра. Гэта адпавядае 23-у месцу ў рэйтынгу трэнэраў, якія паедуць на першынство ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. 305 тысяч эўра зарабляе сэрб Радамір Анціч.

Пры канцы лістапада Фэдэрацыя футболу пастанавіла пакінуць Бэрнда Штанге на чале беларускай зборнай яшчэ на два гады. Аднак умовы дагавору пакуль што не абмяркоўваліся.
XS
SM
MD
LG