Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватызацыя комплексу “Нафтан-Палімір” з удзелам расейскіх кампаніяў адбудзецца найбліжэйшым часам – паведаміў віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка.


“Найбліжэйшым часам можа адбыцца ўгода па комплексе “Нафтан-Палімір”, магчымы ўдзел “Лукойлу” ці іншых расейскіх кампаніяў”, — удакладніў Сямашка.

“Мы знаходзімся ў стане нізкага старту”, — сказаў чыноўнік. Ён удакладніў, што практычна 100% акцыяў комплексу знаходзіцца ва ўласнасьці дзяржавы.

Акрамя заключэньня прыватызацыйнай угоды па рынкавай цане, Беларусь прад'яўляе да інвэстара патрабаваньні забясьпечыць загрузку комплексу сыравінай і гарантаваць наяўнасьць рынкаў збыту.

“Расейскія нафтавыя кампаніі нас у гэтым выпадку найлепшым чынам задавальняюць”, — цытуе "Інтэрфакс" намесьніка кіраўніка ўраду.

Прыватызацыя “Нафтану” прадугледжана праектам міжурадавага пагадненьня аб пашырэньні супрацоўніцтва з Расеяй у паліўна-энэргетычным комплексе, якое мяркуецца заключыць у лютым 2010 году.

Паводле Сямашкі, праект таксама прадугледжвае допуск беларускай дзяржкампаніі “Беларуснафта” да разьведваньня і распрацоўваньня радовішчаў энэрганосьбітаў і да здабычы нафты і газу на тэрыторыі Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG