Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая альтэрнатыва “раёнкам” выйшла… з турмы


20 гадоў таму, у сьнежні 1989 году, у Воршы пачала выходзіць першая незалежная моладзевая газэта “Лідэр”, якая вельмі хутка апярэдзіла паводле папулярнасьці тагачасны афіцыйны рупар рэгіёну — “Ленінскі прызыў”. На тле перабудовы гэта быў першы прыклад легалізацыі недзяржаўнага грамадзка-палітычнага выданьня.

Як ня дзіўна, ад пачатку кліч на выпуск моладзевай газэты кінулі аршанскія камсамольцы. Ці то адчулі непазьбежнасьць “паўзучай дэмакратыі”, ці спадзяваліся на палітычную індульгенцыю ў будучым, аднак факт застаецца фактам, але ў выніку пад дахам аршанскага гаркаму ЛКСМБ зьявілася выданьне, якое друкавала праграмныя дакумэнты Беларускага народнага фронту “Адраджэньне” і адчайна пляжыла камуністаў. Прыкладам, адзначыць 73-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі прапаноўвалася “здаровым звонкім сьмехам” у суправаджэньні шоў-групы “Хрыстафор”.

Праўда, згортваньне партыйных праектаў неўзабаве давялося шукаць новы дах. У літаральным сэнсе: з абжытых камсамольскіх пакояў калектыў пераехаў… у турму. Незадоўга да гэтага адну з трох аршанскіх калёніяў было вырашана зьліквідаваць, а ў казэматы запусьцілі арандатараў. Але жалезныя дзьверы, вузкія байніцы і краты вымушалі журналістаў менш сядзець і больш рухацца ў пошуках матэрыялу.

У 1990-м калектыў канчаткова разьвітаўся з камсамольскай спадчынай, выправіўшыся ў плаваньне пад шыльдай выданьня Моладзевага інфармацыйнага агенцтва “Лідэр”. Так значыцца ў пасьведчаньні № 64 за подпісам старшыні Дзяржкамдруку БССР Анатоля Бутэвіча. Згадвае колішні галоўны рэдактар газэты Ігар Аляшчук — дарэчы, яму на той момант было ўсяго 20 гадоў:

“Галоўнае, што гэта была, па сутнасьці, першая моладзевая газэта ў рэспубліцы. Бо для моладзевай аўдыторыі тады была толькі “Знамя юности” і паміраючая “Чырвоная зьмена”. І менавіта што да моладзевых газэтаў, то такіх прэцэдэнтаў папросту не было. Да таго ж гэта было першае моладзевае рэгіянальнае выданьне. Газэта дасягала паводле тыражу 15, а то і 20 тысяч асобнікаў. Сказаць, што гэта нэрвова ўспрымалася ў афіцыйных структурах? Ну, відаць, што і так, але ж тады ўжо была агонія камуністычнай улады, і фактычна спыніць гэты працэс ужо не было ніякай магчымасьці”.

Непадцэнзурная тэматыка надзвычай спрыяла росту колькасьці чытачоў. Турэмныя хронікі вядомых тагачасных “сядзельцаў”, страйкі рабочых на аршанскіх рэйках, паходы ў гарадзкі морг і дом састарэлых, карупцыя мясцовых чыноўнікаў пры разьмеркаваньні жылплошчы — усё гэта было падставай да судовых перасьледаў, якія ўрэшце сталіся прывычнымі для рэдакцыі. Хутка наклад газэты ўдвая перавысіў наклад афіцыйнага “Ленінскага прызыву”. Між тым, як кажа Ігар Аляшчук, гэтыя наклады здабываліся пераважна сіламі “добраахвотнікаў ад журналістыкі”:

“Газэта рабілася, скажам так, на энтузіязьме. Усе мы былі маладыя, аптымісты, зь верай у лепшую будучыню. Газэта стваралася, па сутнасьці, студэнтамі журфаку БДУ, маімі аднакурсьнікамі. Але я перакананы: гэта ім дапамагло ў далейшым сябе лепш рэалізаваць (а яны і зараз працуюць у многіх вядомых выданьнях і агенцтвах), бо ў “Лідэры” яны мелі тады беспрэцэдэнтную магчымасьць пісаць тое, пра што ім хацелася і так, як ім хацелася. А гэта для маладога журналіста, для маладога аўтара вельмі важна. Да таго ж адпачатку газэта была разьлічаная на моладзевую аўдыторыю, і толькі зь цягам часу было вырашана пашырыць сфэру ўплыву”.

Аршанец Ігар Шнэйдэр — ня толькі сталы чытач газэты. Пэўны час ён быў супрацоўнікам камэрцыйнага аддзелу “Лідэра”, пазьней мэнэджэрам, але потым надоўга зьехаў у Ізраіль. Пасьля нядаўняга вяртаньня ацэньвае вартасьць тых падзеяў:

“Газэта, безумоўна, была цікавая. Нават у пляне таго, што ўвогуле зьявілася штосьці новае. Без перабольшваньня, гэта была падзея ў маштабах усёй краіны. То бок ужо не афіцыйны орган гаркаму партыі ці камсамолу, а штосьці альтэрнатыўнае. Людзям было цікава хоць бы тое, што нарэшце зьявілася газэта недзяржаўная. Усё гэта было ў навіну і ўжо таму ўсім цікава. А тым больш — на хвалі перабудовы ўсё гэта ўспрымалася на ўра, сьвежа; былі сьмелыя тэмы, працавалі маладыя аўтары, і на той час вельмі шмат каму гэта было па-сапраўднаму цікава”.

“Лідэр” пражыў нядоўга. У 1992-м журналістам-студэнтам давялося разьмяркоўвацца, а злучыць сваё жыцьцё з горадам, апроч Ігара Аляшчука, астатнія журналісты не змаглі. У выніку рэдактару давялося пераарыентоўвацца на камэрцыйныя рэйкі, а вакантнае месца незалежнага інфармацыйнага рупара зноў пасьпяхова заняў “Ленінскі прызыў” — праўда, ужо пад новай назвай “Аршанская газэта”. Але непрацяглая гісторыя “Лідэра” у мэдыйнай гісторыі незалежнай Беларусі засталася як прыклад удалага спалучэньня “патрэбнага часу” і неймавернага жаданьня да зьменаў. Нават праз 20 гадоў пасьля...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG