Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 76а


Шыльда свабоды
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 76а
У гэтым доме жыў выдатны беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч — гуманіст, мысьляр і ідэоляг змаганьня супраць таталітарызму.
1 чэрвеня 1986 году пісьменьнік Алесь Адамовіч піша ліст генэральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову. У лісьце на падставе меркаваньняў найбуйнейшых беларускіх вучоных ён сьцьвярджае, што пасьля чарнобыльскай катастрофы “Беларусь перажывае нешта супастаўнае толькі з трагедыяй у гады мінулай вайны” і што “пад пытаньнем само існаваньне (фізычнае) дзесяцімільённага народу”. Гарбачоў прысылае ў Беларусь, дзе хаваюць праўду пра катастрофу, камісію з 60 чалавек. За гэта беларуская камуністычная ўлада выганяе Мікалая Барысевіча з пасады прэзыдэнта Акадэміі навук, Васіля Несьцярэнку — з акадэмічнага Інстытуту ядзернай энэргетыкі, Аляксандра Кузьміна — з ЦК КПБ, а Алеся Адамовіча — зь Менску, ня даўшы, натуральна, ужо заслужанага ім званьня акадэміка.

Алесь Адамовіч ганарыўся сваім унёскам у адкрыцьцё праўды пра маштаб Чарнобылю і магчымыя яго наступствы для нацыі. Гэтаксама ён ганарыўся сваім удзелам у разьвянчаньні сталінізму і таталітарызму. Народным галасаваньнем Адамовіч быў абраны ў склад усесаюзнай антысталінскай арганізацыі “Мэмарыял”, куды людзі дэлегавалі таксама Андрэя Сахарава, Аляксандра Салжаніцына, Яўгена Яўтушэнку, Васіля Быкава.

Пісьменьнік-пацыфіст, Адамовіч вітаў адмову Беларусі ад ядзернай зброі, а скасаваньне СССР лічыў выратаваньнем і народаў камуністычнай імпэрыі, і ўсяго сьвету. Алесь Адамовіч мысьліў глябальнымі катэгорыямі ў глябальным маштабе. Быў празорцам — бачыў на дваццаць-трыццаць гадоў наперад.

Адамовіч стаў адным з інтэлектуальных сымбаляў эпохі закату камунізму і кананьня савецкай імпэрыі. Ён быў філёзафам і ідэолягам найноўшага часу.

Ягоная менская кватэра была месцам, дзе гаспадар і госьці (інтэлектуалы і творцы дэмакратычных поглядаў) гадзінамі абмяркоўвалі праблемы свабоды, мастацтва, літаратуры, палітыкі, — кажа літаратуразнаўца Міхась Тычына:

“Яго хапала на ўсё. Гэта яго характар. Адамовіч — гэта бікфордаў шнур. А што ён узарваць хацеў? Гэта ён сам сказаў у адным са сваіх запісаў — “я дамогся таго, што імя Сталіна дыскрэдытаванае, што была сказана праўда пра Чарнобыль” і гэтак далей. Так што ён зрабіў багата”.

Пацыфісцкія, антыкамуністычныя, антытаталітарныя погляды ў Беларусі 1980-х гадоў, якую Адамовіч назваў Вандэяй перабудовы, выклікалі ярасьць у чыноўнікаў ЦК КПБ. Ужо з Масквы ён ня раз прыяжджаў у Менск на Чарнобыльскія шляхі і антытаталітарныя мітынгі. Ягонае важкае, аргумэнтаванае слова дадавала сілаў беларускім змагарам за свабоду. Прычыны аўтарытарызму і таталітарызму Алесь Адамовіч сфармуляваў у апошнім інтэрвію па-беларуску, якое ён даў Аляксандру Лукашуку:

“Жывучы тут у Маскве, я бачыў, як бясьсільле ўлады правакуе ўладу фашысцкую, уладу рэстаўрацыйна-камуністычную. Правакуе ўсіх тых, хто можа нас адкінуць у страшэнную прорву і ГУЛАГу, і Асьвенціма, і чаго хочаш”.

Адамовічаў гуманізм быў вельмі небясьпечны для антыгуманнай камуністычнай улады, якая дажывала апошнія гады, і спрыяў яе хутчэйшай сьмерці.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG