Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень правоў чалавека для праваабаронцаў транспарту не знайшлося


Праваабаронцы загадзя замовілі трамвай. Яны плянавалі на прыпынках раздаваць «Дэклярацыю правоў чалавека». Але сёньня ім паведамілі, што ў дэпо затапіла рэйкі. Тады праваабаронцы замовілі аўтобус, але міліцыянты спынілі яго і накіравалі ў міліцыю для праверкі.

Праваабаронцы запрасілі на сьвята вядомых у беларускім грамадзтве людзей. На імпрэзе прысутнічалі амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, прадстаўніца АБСЭ Сьвятлана Сянько, алімпійская чэмпіёнка ў мастацкай гімнастыцы Ганна Глазкова, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бацька тэнісіста Максіма Мірнага Мікалай Мірны, журналісты і валянтэры.

Трамвайнае дэпо адмовілася даць арандаваны трамвай, спаслаўшыся на тое, што затапіла рэйкі.
За тры гадзіны да правядзеньня акцыі прадстаўнікі БХК даведаліся, што мерапрыемства ў заплянаваным фармаце не адбудзецца, бо трамвайнае дэпо адмовілася даць арандаваны трамвай, спаслаўшыся на тое, што затапіла рэйкі.

Гасьцей запрасілі сабрацца на станцыі «Дружная». Там адкават Гары Паганяйла паведаміў, што замест трамвая будзе аўтобус.

Празь некалькі хвілінаў стала вядома, што аўтобус спынілі па дарозе. Кіроўца патлумачыў па тэлефоне, што яму загадалі ехаць у міліцыю Кастрычніцкага раёну Менску для нейкай праверкі.

Гары Паганяйла паведаміў «Свабодзе»: «Мы меркавалі, што ўлады нам сьвята правесьці не дадуць. Нас не зьдзіўляе такое іх стаўленьне да правоў чалавека ў нашай краіне. Яны гэта дэманструюць штодня.

Стэфан Эрыксан разразае сьвяточны торт.
Мы й цяпер вось у атачэньні „пільных нашых людзей“. Іх намаганьнямі кіроўцу нашага аўтобусу даставілі ў РУУС. Зараз паеду туды разьбірацца».

Гасьцям прапанавалі на вуліцы гарбату, каву і торт, на якім запалілі 61 сьвечку.

Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан ніколі так не адзначаў Дзень правоў чалавека.

Правы чалавека гэта такая рэч, за якую трэба змагацца ўвесь час.
«Хочацца верыць, канечне, што выпадкова спынілі аўтобус, ведаючы пры гэтым, што знайшлі, як інакш скарыстацца трамваем, які быў спачатку заплянаваны... Ужо й ня ведаю, ці выпадкова.

Але сьвяткаваць будзем усё роўна. Сьвяткуюць ва ўсім сьвеце. У Швэцыі таксама. Правы чалавека гэта такая рэч, за якую трэба змагацца ўвесь час.

Я лічу, што гэта добрая ініцыятыва Хэльсынскага камітэту. Удзячны, што запрасілі. Будзем сьвяткаваць без аўтобуса, на вуліцы».

Уладзімер Арлоў
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў: «Хачу сказаць пра чалавека, які для мяне ўвасабляе канкрэтна змагара за правы чалавека. Гэта пісьменьнік і перакладчык Карлас Шэрман. Напачатку 90-х ён фактычна стаў кіраўніком беларускага ПЭН-цэнтру. У гэта час як раз і раскрыўся ягоны талент праваабаронцы.

Прыдаўся ягоны досьвед, калі ён у юнацтве змагаўся з дыктатурай Пэрона. Карласа няма з намі ўжо 5 гадоў.

Карлас, зь яго велізарнай увагай да свабоды слова, да свабоды творчасьці, да права быць самім сабой на сваёй зямлі першым сёньня згадаўся мне».

Супрацоўнікі міліцыі і КДБ назіралі за тым, што адбывалася на стаянцы каля станцыі «Дружная». Адны здымалі прысутных на відэакамэру, іншыя — хадзілі побач і чакалі загадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG