Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаны ляўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека


Сёньня аргкамітэт грамадзкай ініцыятывы «Хартыя’97» абвясьціў ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2009 год. За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека ўзнагароджаны палітычны рэкрут Франак Вячорка, грамадзкі актывіст Зьміцер Бародка, моладзевы актывіст Максім Вінярскі, палітвязень Арцём Дубскі, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, а таксама салігорская праваабароньніца Яна Палякова (пасьмяротна).

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная «Хартыяй’97» у 1998 годзе. Сярод ляўрэатаў прэміі мінулых гадоў былі абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску, палітвязьні, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храму пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё», журналісты і іншыя асобы. Паводле каардынатара «Хартыі’97» Зьмітра Бандарэнкі, гэты год адметны тым, што ў Беларусі аднавіўся інстытут палітвязьняў:

«Менавіта таму палітвязьні і людзі, якія актыўна змагаліся, каб палітвязьняў не было ў Беларусі, гэта галоўныя намінанты. Таму гэта і Арцём Дубскі, які прызнаны «Міжнароднай амністыяй» вязьнем сумленьня, гэта Асіпенка, Лявонаў і Аўтуховіч. І, безумоўна, гэта маладыя людзі, якія актыўна змагаліся, удзельнічалі ў кампаніі «Свабоду палітвязьням!».

Максім Вінярскі
Гэта Макс Вінярскі і Зьміцер Бародка. Гэта мужныя людзі, якіх шмат зьбівалі падчас акцыяў, яны сядзелі ў турмах, падпадалі пад штрафы, запалохваньні... Безумоўна, вельмі яркая асоба ў змаганьні за правы чалавека, у змаганьні за права заставацца беларусам і захоўваць беларускую мову ў войску — гэта Франак Вячорка. І маем сёлета такі жахлівы выпадак — сьмерць праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, якая была прыгавораная да двух з паловай гадоў «хіміі».

Цырымонія ўручэньня прэміяў плянуецца ў другой палове сьнежня. Адзін зь ляўрэатаў, актывіст руху «Эўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі правёў у турмах больш за 110 дзён:

«Галоўнае — каб вызвалілі палітвязьняў, каб у нашай краіне не было „эскадронаў сьмерці“. Галоўнае — каб у нас была ўсталяваная дэмакратыя. Галоўнае — каб былі спыненыя палітычныя перасьледы. Трэба карыстаць кожную магчымасьць, каб данесьці да людзей тое, што ніводзін з нас ня можа быць свабодны, пакуль у турме сядзяць людзі па палітычных перакананьнях».
XS
SM
MD
LG