Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла прэзэнтацыя мультымэдыйнага дыску “Гадуем беларусаў разам!” Дыск стаў адказам на шматлікія запыты бацькоў і пэдагогаў, якім бракуе якасных мэтадычных і дапаможных матэрыялаў па-беларуску.

Гэта першы крок у стварэньні сучаснай навучальнай прасторы для беларускіх дзетак, гэтым разам для дашкалят і малодшых школьнікаў. Неўзабаве плянуюцца яшчэ дзьве часткі складанкі для больш старэйшых школьнікаў, пэдагогаў і бацькоў. Распавядае рэдактарка парталу nastaunik.info і ўкладальніца дыску Тамара Мацкевіч:

Тамара Мацкевіч
“Больш за 100 аўтараў у нашага дыску. Як вы бачыце па зьмесьце, дыск вельмі стракаты. Тут і мэтадычныя матэрыялы, і чытанка, і п’есы, і аўдыё, і відэа, гульні, размалёўкі. Тут згуртаваліся і бацькі, і настаўнікі, і праграмісты, і дызайнэры, і вэб-майстры. І агульнымі намаганьнямі атрымалася ў нас такая складанка”.

Яшчэ пры канцы 1980-х лінгвісты Пётра Садоўскі і Вінцук Вячорка пачалі ўкладаць першую беларускамоўную праграму выхаваньня, чытанку і сьпеўнік для дашкольнікаў. Але часы імкліва мяняюцца, кажа бацька траіх дзяцей палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
“Цяперашнія дзеці, на жаль, не чытаюць. Ну не чытаюць, паразыты, мала чытаюць! Патрэбна аўдыёвізуальная падтрымка любога тэкставага сыгналу, нічога з гэтым ня зробіш! Калі мы хочам, каб дзеці камфортна пачуваліся ў беларускамоўным асяродзьдзі, яно — гэта беларускамоўнае асяродзьдзе — павінна працаваць у разьліку на ўсе органы пачуцьцяў…

На дыску сабраныя ня толькі літаратурныя і музычныя творы, але мноства мультымэдыйных, адпаведных часу беларускамоўных прадуктаў. І зрабілі гэта людзі, захопленыя беларускай справай. Такія, як квартэт "музычная сям’я", дзе на дудзе грае Зьмітро Сідаровіч.

Зьмітро Сідаровіч: “Калі будзеце слухаць дыск альбо гэтую песьню, уявіце сабе, што тата прыходзіць з працы і не ўключае тэлевізар, дзе ідзе футбол, а ўключае кампутар, дзеці прыходзяць са школы, маці з працы, і яны разам такія гульні робяць…».

"Музычная сям’я".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG