Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква і Менск пакуль ня могуць дамовіцца


Сёньня ў Маскве прайшло паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У яе склад уваходзяць кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, а таксама старшыні палат парлямэнтаў дзьвюх краінаў. Галоўнай праблемай для абмеркаваньня стаў комплекс пытаньняў у гандлёва-эканамічнай сфэры.


Беларусь хоча падвысіць валавы ўнутраны прадукт у 2010-м годзе аж на 10-12 працэнтаў. Незалежныя экспэрты лічаць: амбіцыі беларускага кіраўніцтва грунтуюцца на надзеі атрымліваць з Расеі танныя газ і нафту.

Кошты на энэрганосьбіты і сталі асноўнай тэмай сёньняшніх перамоваў паміж Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Аляксандарам Лукашэнкам. Менск хоча купляць газ цаною 166 даляраў за адну тысячу кубамэтраў. Масква цьвердзіць, што гэтая цана занадта нізкая. Чым скончыліся дэбаты вакол кошту газу?

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначае:

“Я ведаю, што ў Крамлі быў вельмі рабочы настрой. Лукашэнка добра падрыхтаваўся да перамоваў. Канечне, фарматныя ўмовы ён ня выканаў — маецца на ўвазе выхад Беларусі з праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Але ён падтрымаў інтэграцыйны працэс мытнай “тройкі”. І ён падпісаў указ аб продажы Белпрамбудбанка Ашчаднаму банку Расеі. Лукашэнка пайшоў на пэўныя саступкі Расеі”.

Паседжаньню Вышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы папярэднічала сустрэча сам-насам Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Яна нечакана зацягнулася, як перадаюць маскоўскія журналісты, аж на пяць гадзін.

Між тым, паводле пратаколу сустрэчы, два прэзыдэнты зьбіраліся размаўляць толькі адну гадзіну. Але, як паведаміў кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі, пазьней да размовы двух прэзыдэнтаў падключыліся і абодва прэм’еры, Сяргей Сідорскі і Ўладзімер Пуцін.

Маскоўскія аналітыкі з гэтай нагоды адзначаюць: перамовы атрымаліся больш складанымі, чым думалася напачатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG