Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец пра нерэгістрацыю БХД: Гэта — лібэралізец!


Павал Севярынец на зьезьдзе БХД.

Павал Севярынец на зьезьдзе БХД.

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». На думку аднаго зь лідэраў партыі Паўла Севярынца, другая адмова ў рэгістрацыі сьведчыць пра няшчырасьць дэкляраванай афіцыйным Менскам «лібэралізацыі».

Прычынай адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі БХД Міністэрства юстыцыі назвала «парушэньні пры правядзеньні сходаў заснавальнікаў партыі БХД», а таксама што шэраг пададзеных міністэрству пратаколаў нібыта былі сфальсыфікаваныя.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец кажа, што адмова ў легалізацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» пасьля паўторнага зьезду скасоўвае ўсялякія чаканьні абяцанай уладамі лібэралізацыі:

«Гэта хутчэй не лібэралізацыя, а лібэралізец. Але мы будзем працягваць грукацца ва ўсе дзьверы. Мы будзем імкнуцца легалізавацца і дзеля гэтага скарыстаем усе прадугледжаныя ў Законе магчымасьці і шляхі».

Міжнародная супольнасьць неаднаразова зьвяртала ўвагу на праблему рэгістрацыі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі. Сёньня ў Боне на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі была ўхваленая рэзалюцыю па Беларусі, у якой таксама адзначаны выпадак з паўторнай нерэгістрацыяй БХД.

У Міністэрстве юстыцыі лічаць свае тлумачэньні ў справе нерэгістрацыі БХД вычарпальнымі. Слова прадстаўніцы прэс-службы Мін’юсту:

«СМІ атрымаюць вычарпальную інфармацыю, таму што там прыводзяцца канкрэтныя прыклады. Пра якое суб’ектыўнае стаўленьне можа ісьці размова? Што вы? Там усё напісана. І гэтыя дамысьліваньні наконт суб’ектыўнасьці наагул папросту не да месца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG