Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“1939 год: для беларусаў — сьвята, для палякаў — трагедыя”


Сёньня ў Менску прайшоў круглы стол беларускіх і польскіх гісторыкаў, прысьвечаны Другой усясьветнай вайне. Абмяркоўваліся дзьве праблемы: верасьнёўскія падзеі 1939 году і «Палякі і беларусы падчас акупацыі 1939-45 гадоў».

Арганізатары канфэрэнцыі — Польскі інстытут у Менску і тыднёвік «Новы час».

З уступным словам выступіў амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Хенрык Літвін. Ён адзначыў, што гэта ня першая сустрэча беларускіх і польскіх гісторыкаў:

Хенрык Літвін
«І кожная такая сустрэча паказвае, што беларускія і польскія навукоўцы адкрываюць новыя аспэкты, новыя погляды на наша агульнае мінулае. І я спадзяюся, што гэтая дыскусія адкрые шмат цікавага і невядомага для абодвух бакоў, і для польскіх, і для беларускіх гісторыкаў».

Зь беларускага боку ў дыскусіі бралі ўдзел дактары гістарычных навук Аляксей Літвін з Акадэміі навук, Любоў Козік, Уладзімер Снапкоўскі (зь Белдзяржунівэрсытэту) і Сыгізмунд Барадзін з пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка. З польскага боку — прафэсары Антоні Мірановіч зь Беластоку, Анджэй Кшыштаф Кунэрт з Варшаўскага ўнівэрсытэту і Казімеж Краеўскі з Інстытуту нацыянальнай памяці.

Уладзімер Снапкоўскі
Як можна ацэньваць падзеі 1939 году? Беларускі прафэсар Уладзімер Снапкоўскі адзначыў, што для беларусаў гэта лічыцца сьвятам, для палякаў — нацыянальнай трагедыяй. Але...

«Тое, як адбылося сьвяткаваньне 65-й гадавіны аб’яднаньня Заходняй Беларусі з СССР, сьведчыць пра тое, што пэўны такт беларускае кіраўніцтва выканала: не было вялікіх мерапрыемстваў, не было дакладу прэзыдэнта. Пра гэты момант — сьвята для беларусаў, трагедыя для палякаў, пра два супрацьлеглыя разуменьні — павінны і гісторыкі, і грамадзяне абедзьвюх дзяржаваў памятаць».

Анджэй Кшыштаф Кунэрт
Прафэсар Анджэй Кшыштаф Кунэрт з Варшаўскага ўнівэрсытэту адзначыў, што ў 1939 годзе Польшча апынулася цалкам акупаванай: з аднаго боку — Нямеччынай, з другога боку — Савецкім Саюзам, дзьвюма моцнымі таталітарнымі дзяржавамі:

«1939 год, які для Беларусі, для беларусаў азначае яднаньне дзьвюх частак краіны, для палякаў гэты год — трагічны. 1939 год для Польшчы — год падвойнай агрэсіі: агрэсіі нямецкай 1 верасьня і агрэсіі савецкай 17 верасьня».

Казімеж Краеўскі
Доктар Казімеж Краеўскі з Інстытуту нацыянальнай памяці засяродзіў увагу на рэпрэсіях, якія зазнавалі і беларусы, і палякі пасьля падзеяў 1939 году. Прыніжаліся і беларусы ў другой Рэчы Паспалітай, былі Курапаты, масавыя высылкі беларусаў. Чатыры вялікія дэпартацыі перажылі і палякі:

«Да гэтай пары невядомы лёс 4 тысяч прадстаўнікоў польскай эліты. Ёсьць знакаміты Катынскі сьпіс, ёсьць украінскі сьпіс рэпрэсаваных палякаў. Але беларускага сьпісу дагэтуль няма».

Падводзячы вынікі дыскусіі, і беларускія, і польскія гісторыкі адзначылі, што гэтым разам не было сутыкненьня процілеглых пазыцый. Засталося толькі дамагчыся, каб урэшце ў афіцыйных гістарычных энцыкляпэдыях і школьных падручніках перапісалі артыкулы пра падзеі 1939 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG