Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гульня ў адну браму — народную”


Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 10 сьнежня

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы выказваюцца з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, рэагуюць на Капэнгагенскую канфэрэнцыю па ахове навакольнага асяродзьдзя, параўноўваюць абяцаныя ўладамі заробкі зь іх рэальным ростам.

Сёньня — Дзень правоў чалавека. Вось водгук на яго інваліда Паўла Давыдзенкі.

Павал Давыдзенка:
“Ніякай свабоды і правоў чалавека ў Беларусі няма. Падчас кіраваньня Лукашэнкі ўся ўлада зрабілася папугаямі. Што Лукашэнка гаворыць, тое ўсе паўтараюць. А народ пакінулі маўчаць, цярпець і паміраць”.

Сёньня ж у Нарвэгіі прэмію міру атрымае лідэр ЗША Барак Абама. У плянах было й віншаваньне ад нашага земляка, які перамог на апошнім конкурсе Эўрабачаньня — Аляксандра Рыбака. Аднак ня ўсе ў Беларусі вітаюць гэты выбар Нобэлеўскага камітэту. Слухаем чарговы званок.

Спадар: “Сёньня абвяшчаюць вельмі шмат — правы чалавека, барацьба за мір, адмаўленьне ад зброі і г.д. І вельмі шмат пра дэмакратыю гаворым. Дык дзе там дэмакратыя на Захадзе? Калі прэмію за мір даюць чалавеку, які пасылае яшчэ 30 тысяч салдат”.

Паслухаем яшчэ адзін эмацыйны водгук.

Спадар: “Панове апазыцыянэры, назавіце хоць адну апазыцыю ў сьвеце, якая б так ганебна ставілася да сваёй краіны. Бегае па задворках, кусае. Ганьба вам, бэнээфаўцы! Я БНФ расшыфроўваю так: беларускія нацыянал-фашысты. Я ведаю, што вы маё не перадасьце па радыё. З прывітаньнем да вас, дзед Сымон!”

Камэнтуе старшыня Менскай гарадзкой суполкі БНФ Віктар Івашкевіч.

“У цывілізаваных краінах — Нямеччыне, скажам, ці Францыі — апазыцыя фінансуецца зь дзяржбюджэту, адпаведна палітычнай вазе, набытай на апошніх выбарах. У беларускай сытуацыі, калі свабодных выбараў няма, калі ўлада, наадварот, усяляк перасьледуе сваіх апанэнтаў, мы дзеля данясеньня сваіх думак да насельніцтва шукаем усялякую дапамогу, улучна ад прыватных асобаў. І калі мы выступаем за свабодныя выбары, то ўжо адзін гэты факт ёсьць доказам нашага антыфашызму. А калі прэзыдэнт дзяржавы кажа, што прыкладам для яго ў дзяржаўным будаўніцтве ёсьць Гітлер, то тут ужо ўзьнікаюць пытаньні”.

Ад палітыкі — да эканомікі.

Спадар:
“Калі чалавек узяў у банку крэдыт і ня змог яго своечасова аддаць, лічаць за кожны дзень пеню, а потым і маёмасьць адбяруць да апошняй лыжкі. Але калі сам банк павінен беларусам савецкія ўклады, у адносінах да яго ні пеня, ні арышт на яго маёмасьць не прымяняецца. Ніякай ні справядлівасьці, ні лёгікі. Адны дзівосы. Ці гульня ў адну браму, у народную”.

Спадарыня Арцёмаўна:

Спадарыня: “У нас, пэнсіянэраў, дзяржаўныя справы былі на першым пляне. І радаваліся мы выключна дзяржаўным справам. І мы заслужылі лепшай долі, і мы ня хочам усё жыцьцё сьнедаць рэшткамі вячэры і вячэраць рэшткамі сьняданку. Цяпер абяцаюць павысіць заробкі да 500 даляраў. А якая ў нас будзе пэнсія?”

Наступны званок — ад спадарыні Валянціны Коўшык з Гомелю:

Валянціна Коўшык: “Зараз у Капэнгагене праходзіць актуальная міжнародная канфэрэнцыя па ахове навакольнага асяродзьдзя. Якая праблема ў гэтым сэнсе найбольш актуальная сёньня для Беларусі?”

Адказвае грамадзкі рэдактар тыдня — кандыдат навук, дырэктар Нацыянальнага навукова-дасьледчага цэнтру маніторынгу азонасфэры Аляксандар Красоўскі.

Аляксандар Красоўскі
“У нас тыя самыя праблемы, як і ў астатняй Эўропы: раз-пораз падмяняем паняцьце экалягічнай чысьціні паняцьцем выгады. Напрыклад, спробы замяніць частку газу бурым вугалем, драўнінай… Між тым менавіта дзякуючы газу мы й сталіся зялёнай краінай. І калі хоць на 10 працэнтаў зьменшым яго спажываньне праз тыя прымітыўныя “альтэрнатыўныя” варыянты, дык страцім усе шанцы на гандаль квотамі, пра якія размова ішла раней. Ну, і забудземся на экалягічную чысьціню, нават тую, што ёсьць у нас сёньня. Мы толькі прайграем! Разьвіваць трэба сапраўды высокія тэхналёгіі. Тады й падправім ня толькі эканоміку, але й экалёгію.

А што да “парніковага эфэкту”, то мне здаецца — можа, яшчэ гадоў пяць, і гэты пухір лопне…”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG