Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс майстэрні мастака Мяккага вырашыць сход


Юры Мяккі каля майстэрні

Юры Мяккі каля майстэрні

Мастак з Талачыншчыны Юры Мяккі пратэстуе супраць зносу майстэрні. Сёньня ў вёсцы Славені, дзе ён жыве і працуе, улады праводзяць сход мясцовых жыхароў.

Юры Мяккі распавёў Радыё Свабода, што раённыя ўлады ўвечары арганізуюць сход, на які запрашаюць вяскоўцаў — і тых, хто падпісаўся пад калектыўным лістом за захаваньне будынка майстэрні, і іхных апанэнтаў. Мастак кажа, што добраахвотна майстэрні не пакіне, хаця мясцовая міліцыя загадала яму вынесьці мастацкія працы і рэчы яшчэ на мінулым тыдні.

Рашэньне пра знос майстэрні, будынак якой належыць Славенскай сярэдняй школе, спадар Мяккі лічыць перасьледам з боку ўладаў за сваю грамадзянскую пазыцыю.

Пра тое, што будынак мае пайсьці пад знос, кіраўнік аддзелу культуры Талачынскага райвыканкаму Аляксандар Ражанскі заявіў неўзабаве пасьля таго, як Юры Мяккі выказаў пратэст супраць высечкі парку ў Славенях. Мастак намаляваў і выставіў у вокнах плякаты адпаведнага зьместу, а таксама напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем пакараць тых, хто нішчыць рэдкія дрэвы без дазволу.

Іншага будынка, каб мастак меў мажлівасьць працаваць і навучаць маляваньню ды разьбярству мясцовых дзяцей, улады не прапануюць. Хаця Юры Мяккі вядомая ў раёне асоба: ён кандыдат на ўступленьне ў Беларускі саюз майстроў і неаднаразова прадстаўляў Талачынскі раён на абласных ды рэспубліканскіх выставах.

Мастак кажа, што такое стаўленьне да яго схіляе да думкі, што мастакі на Талачыншчыне не патрэбныя, і не выключае, што зьедзе адсюль, калі пытаньне пра майстэрню ня вырашыцца станоўча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG