Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паехаў па газ


Сёньня Аляксандар Лукашэнка ў Маскве возьме ўдзел у пасяджэньні вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы”. Менск спадзяецца дамовіцца пра цану на расейскі газ.

Паводле А.Лукашэнкі, сустрэча паспрыяе саюзнаму будаўніцтву і вырашэньню праблемных пытаньняў двухбаковых дачыненьняў. Напярэдадні міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец паведаміў, што ў Маскве будзе разглядацца пытаньне пра кошт газу для Беларусі. У бюджэт на наступны год закладзена цана ў 166 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ці ўдасца А.Лукашэнку выбіць льготныя цэны на газ? На гэта пытаньне расейскі палітоляг Сяргей Маркаў сказаў:

“Несумнеўна, Беларусь будзе атрымліваць газ па цане ніжэйшай, чым любая іншая краіна, апроч Расеі. З часам Беларусь будзе мець і ўнутрырасейскую цану на газ. Але пасьля таго, як зробіць рэальныя крокі па больш глыбокай эканамічнай інтэграцыі, калі будзе ўведзена адзіная валюта з адзіным эмісійным цэнтрам. Ніхто ня можа сказаць, як доўга працягнуцца перамовы. Гэта пытаньне псыхалёгіі ці нават выпадковасьці. Але ў любым выпадку Беларусь будзе атрымліваць цану самую нізкую ў сьвеце на расейскі газ, апроч самой Расеі”.

23 лістапада на сустрэчы зь беларускімі журналістамі Дзьмітры Мядзьведзеў зазначыў, што ад 1991 году Расея ўклала ў разьвіцьцё эканомікі Беларусі 50 мільярдаў даляраў у якасьці інвэстыцыяў і прэфэрэнцыяў. У 2010 годзе кошт расейскага газу для Беларусі будзе на 30-40% ніжэйшы, чым для іншых краінаў.

Кіраўнік ураду Расеі Ўладзімер Пуцін неаднойчы нагадваў пра вялікую фінансавую падтрымку Беларусі з боку Расеі — пра 3 мільярды даляраў крэдытаў. Беларусь мае вялікія магчымасьці для экспарту сваёй прадукцыі ў Расею і купляе нафту па самай таннай цане ў сьвеце. Паводле Пуціна, калі Лукашэнка хоча больш, то мусіць паглыбляць інтэграцыю ў рамках саюзнай дзяржавы.

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, у Маскве наўмысна разьнесьлі дзьве падзеі – 10-годзьдзе стварэньня “саюзнай дзяржавы” і гэтую сустрэчу.

“І гэта пакрыўдзіла беларускага афіцыйнага кіраўніка. Ва ўсякім разе такая нотка прагучала, калі ён гутарыў з Паўлам Барадзіным. Адчуваецца, што Масква стараецца яго па прынцыпу “мухі асобна, катлеты асобна” адсунуць ад узьнёслых інтэграцыйных прамоваў і паставіць перад суровымі рэаліямі. А сёньня, як вядома, за фасадам так і не адбытай, фальшывай саюзнай дзяржавы адбываюцца разборкі паміж заклятымі хаўрусьнікамі. Гаворка будзе вельмі цяжкай, бо зараз няпэўная сытуацыя: канец года,трэба дамаўляцца пра газ і вялікая няпэўнасьць з мытным зьвязам. Зараз беларускае кіраўніцтва вельмі няўпэўнена пачуваецца, бо відавочна, трэба многім ахвяраваць. Так што гутарка будзе вельмі напружаная, а не сьвяточная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG