Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заробак 500 даляраў можна зрабіць хоць заўтра”


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на наступны год. У адпаведнасьці з Указам, прырост ВУП павінен скласьці 11-13 працэнтаў, намінальны налічаны сярэднямесячны заробак па народнай гаспадарцы да канца наступнага году павінен дасягнуць 500 даляраў у эквіваленце. Ці рэалістычныя гэтыя пляны, якім спосабам беларуская эканоміка можа дасягнуць такой лічбы? Ці рэальна пасьля падзеньня гэтага году забясьпечыць у наступным рост 11-13 працэнтаў?

На гэтыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Міхал Залескі.

Барыс Жаліба
Міхал Залескі
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Ці магчыма праз год дасягнуць заробку 500 даляраў, улічваючы, што цяпер ён складае каля 350 даляраў? Якім эканамічнымі мэтадамі беларуская эканоміка можа дасягнуць такой лічбы?

«Будзе дадзены загад дырэктарам забясьпечыць пэўны ўзровень заробку»


Жаліба: Я лічу, што магчыма дасягнуць 500 даляраў да канца наступнага году. Якімі мэтадамі? Найперш адміністратыўнымі. У нас найбольшы сэктар — дзяржаўны, і прадпрыемстваў найбольш дзяржаўнай уласнасьці. Будзе дадзены (афіцыйна ці не) загад дырэктарам забясьпечыць той ці іншы ўзровень заробку, які ў суме дасьць па краіне гэтыя 500 даляраў. Як вядома, заробак — гэта артыкул сабекошту. З-за гэтага зьменшыцца прыбытак, але ж галоўнае — мэта 500 даляраў.

Што тычыцца бюджэтнага сэктару, то, здаецца, бюджэт сфармаваны нармальна. Але і тут заробак можна падвысіць загадам, каб выйсьці на запаветную мэту. Мяркую, што мэта гэта — найперш палітычная. А якімі ахвярамі яна будзе дасягнута — ня так важна. Можа быць, бюджэт стане дэфіцытным альбо звышдэфіцытным. Гэта ўжо не галоўнае, бо на носе выбары.

Цыганкоў: Але калі казаць пра адваротны бок мэдаля — зьнізіцца сабекошт прадукцыі (пра што вы казалі), што азначае падвышэньне цэнаў?

Жаліба: Так, гэта пацягне рост цэнаў. І калі потым лічыць рэальны, а не намінальны заробак, то можа аказацца, што ён ня ўзрос альбо амаль ня ўзрос.

Цыганкоў: Шчыра кажучы, за гэтыя некалькі дзён, што прайшлі пасьля апублікаваньня ўказу Лукашэнкі, я ўпершыню чую камэнтар эканаміста, які сьцьвярджае, што гэта магчыма — дасягнуць заробак 500 даляраў да канца наступнага году. Міхал, ваша меркаваньне на гэты конт?


«Таму што мы не скарысталіся гэтым крызісам так, як карыстаюцца іншыя дзяржавы»


Залескі: Я згодны з паважаным прафэсарам Жалібам — гэта мэта цалкам дасягальная. Хоць заўтра можна зрабіць 500 даляраў. У нашых умовах з гэтым ніякіх праблемаў няма. Толькі будзем плаціць поўны кошт за камунальныя паслугі і за сельгаспрадукцыю, бо будуць зьнятыя датацыі з калгасаў.

Так што гаворка не пра тое, якую лічбу вывесьці. Спадар Жаліба слушна адзначыў, што заробак — гэта частка сабекошту. А народ жартуе, што розьніца паміж сабекоштам і «табекоштам» і складае прыбытак. Дык вось якая будзе пакупная здольнасьць гэтага заробку? Ці стануць людзі есьці столькі мяса і піць столькі малака, колькі ў 90-м годзе? Ці яны будуць далей павялічваць спажываньне бульбы і макаронаў?

Калі сыходзіць з гэтага, то мы спачатку павінны гэты заробак зарабіць. А для гэтага мы павінны прадаць тое, што вырабілі. А хто ў нас будзе ўсё гэта купляць, тое, што зараз на складах ляжыць? Я пакуль ня бачу для гэтага пэрспэктываў. Таму што мы не скарысталіся гэтым крызісам так, як карыстаюцца іншыя дзяржавы — для перабудовы гаспадаркі, пошуку таго, што будзе знаходзіць попыт у наступныя гады.

Цыганкоў: Звычайна сапраўды падвышэньне заробку цягне і пэўны рост цэнаў. Але цяпер магчымасьці падвышаць цэны для беларускіх вытворцаў абмежаваныя такімі чыньнікамі, як даходы насельніцтва, Мытны саюз ды іншае. Кажуць пра тое, што ў выніку Мытнага саюза расейскія тавары, у тым ліку танныя харчовыя прадукты, могуць хлынуць на беларускі рынак, і зьнізіць цэны.

Жаліба: Так, беларускія дырэктары вельмі насьцярожана ставяцца да Мытнага саюзу. Ёсьць небясьпека для нашых прадпрыемстваў, што аб’ёмы расейскіх тавараў на нашым рынку — больш танных — шматкроць павялічацца і створаць сур’ёзную канкурэнцыю. Таму вытворцы вельмі асьцерагаюцца таго, якія наступствы будзе мець гэты Мытны саюз, які пачне рэальна дзейнічаць з 1 ліпеня.

Зь іншага боку, можам выйграць мы, спажыўцы. Калі асартымэнт тавараў на нашым беларускім рынку пашырыцца, то гэта канкурэнтнае асяродзьдзе можа затармазіць рост цэнаў.

«Ніякіх эканамічных падставаў для рыўка я не бачу».


Цыганкоў: Яшчэ адна важная лічба ў зацьверджаных парамэтрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на наступны год — прырост ВУП. Ён, паводле ўказу Лукашэнкі, павінен скласьці 11-13 працэнтаў. Нагадаем, што большасьць эўрапейскіх краінаў, якія заяўляюць, што яны выходзяць з крызісу, плянуюць у наступным годзе прырост нулявы альбо 1-2 працэнты. Адкуль у Беларусі можа зьявіцца 11-13%?

Залескі: Ніякіх эканамічных падставаў для рыўка я не бачу. Гэтая заява носіць хутчэй палітычны характар. Бо адказнасьці ніхто не нясе за тое, што гэты рост будзе не 13, а 3 працэнты.

Цыганкоў: Дарэчы, на гэты год паводле прагнозу былі заплянаваныя 10-12 працэнтаў росту, але на выхадзе будзе мінус 1-2, у лепшым выпадку нуль. І ніхто не панёс ніякай палітычнай адказнасьці

Залескі: Ба адсутнічаюць мэханізмы прававой дзяржавы, дэмакратычнай дзяржавы, дзе існуе легальная шырокая крытыка, існуе партыйная барацьба. У беларускім парлямэнце хто прадстаўляе бізнэс, хто прадстаўляе бедных? — назавіце прозьвішчы! Таму няма ані крытыкі, ані санкцыяў за нейкія вынікі дзейнасьці.

Прадукцыйнасьць працы — вось цэнтральная пазыцыя на сёньня. Спажывец выйграе, калі ён будзе працаваць прадукцыйна. А для гэтага патрэбна, каб прымушалі ці заахвочвалі працаваць прадукцыйна альбо каб стваралі новыя працоўныя месцы. А вось гэта самае слабае зьвяно ва ўсіх гэтых абяцаньнях — бо мэханізму стварэньня новых працоўных месцаў у нас не прапануюць.

Цыганкоў: Калі ўлады кажуць пра 11-13 працэнтаў росту ВУП — магчыма, яны ведаюць, што сёлета падзеньне было не 1 працэнт, як абвесьцяць, а 5-8. А сыходзячы з такога падзеньня — зусім ня цяжка дасягнуць загаданага росту.. Ці магчымы такі варыянт?

Залескі: Цалкам магчыма. Але статыстычныя маніпуляцыі могуць мець палітычны эфэкт, а не эканамічны. Нельга ж так рабіць, такія абяцаньні мусяць грунтавацца не на маніпуляцыях з лічбамі, а на ўказаньнях, што можа стаць рухавіком эканомікі. За кошт чаго мы гэта ўсё зробім? — за кошт сельскай гаспадаркі, электронікі, эфэктыўнага збыту? Нам ня кажуць.

«Рэальныя лічбы — каля 3-4 працэнтаў (і гэта аптымістычны варыянт)»


Жаліба: Я думаю, што рэальна дасягнуць такога росту — 11-13 працэнтаў — немагчыма. Якія падставы для гэтага ў нас ёсьць? У нас вельмі адкрытая эканоміка, палову вырабленага мы экспартуем. Як паказаў гэты год, нарабіць па інэрцыі мы можам шмат, іншае пытаньне — як гэта ўсё прадаць. Чым быў страшны гэты крызісны год — што прадукцыя на складах, а яе ніхто не купляе.

Хіба можна думаць, што ў наступным годзе расейскі рынак, куды ідзе асноўны наш экспарт, адкрыецца і Расея пачне купляць нашы тавары? Гэта вельмі сумнеўна. У Расеі падзеньне ў розных галінах да 20 працэнтаў і яна яшчэ доўга будзе выбірацца. Тое самае і Эўропа — няма падставаў, каб там павялічыліся закупкі нашых традыцыйных тавараў — калійных угнаеньняў, нафтапрадуктаў.

Лічу, што рэальныя лічбы даюць адмыслоўцы МВФ, якія кажуць, што калі будзе рост, то каля 3-4 працэнтаў (і гэта аптымістычны варыянт). Што да 11-13, то гэта дэклярацыя. Як адзначыў Лукашэнка, трэба выйсьці на рубяжы, вызначаныя Ўсебеларускім сходам — гэта і пра заробак 500 даляраў. Але цудаў не бывае, двухзначныя лічбы росту — гэта нерэальна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG