Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм Хашчавацкага перамог у Нью-Ёрку

  • БелаПАН

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

Фільм Юрыя Хашчавацкага “Ў пошуках ідышу” атрымаў узнагароду Нью-Ёрскага міжнароднага незалежнага кінавідэафэстывалю.


Як паведамляе агенцтва БелаПАН, 88-хвілінная дакумэнтальна-публіцыстычная стужка прызнаная найлепшым міжнародным фільмам у намінацыі “Культура” на фэстывалі, які праходзіць двойчы на год на працягу чатырох месяцаў у Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе. Гэты фэстываль зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце, бо ў ім прадстаўленыя ўсе жанры кіно і ўдзельнічае да 10 тысяч стужак.

Паводле Юрыя Хашчавацкага, у фільме расказваецца пра лёс вядомага барда Аляксандра Гарадніцкага, яго продкаў з Магілёва і габрэйскія карані гэтай сям'і. Гэта фільм аб тым, што зьнікаючая мова ідыш і дзяржаўная беларуская мова маюць аднолькавы лёс, адзначыў рэжысэр. Ляйтматывам стужкі зьяўляюцца словы зь песьні Гарадніцкага: “Мова памірае, калі памірае народ. Народ памірае, калі памірае мова”.

Цяпер Хашчавацкі завяршае працу над новым фільмам “Лабатамія”. Стужка апавядае аб тым, як расейская ўлада выкарыстоўвае журналістаў, каб укідваць у грамадзтва дэзынфармацыю і кіраваць людзьмі. У аснове фільму ляжыць ваенны канфлікт Расеі і Грузіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG