Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статыстыка – супраць скептыкаў у пытаньні пацяпленьня

  • Міхаіл Раманоускі

Гэтае дзесяцігодзьдзе будзе самым цёплым ад 1850-х гадоў, калі пачалося рэгістраваньне тэмпэратураў на сьвеце. А 2009 год у некаторых частках сьвету стане ўвогуле рэкордна цёплым.


Такое паведамленьне зрабіла ўчора Ўсясьветная мэтэаралягічная арганізацыя ў другі дзень працы міжнароднай кліматычнай канфэрэнцыі ў Капэнгагене. І гэта стала моцным адказам мэтэаролягаў скептыкам у пытаньні кліматычных зьменаў.

У працяг дыскусіі са скептыкамі сёньня аўтарытэтная газэта "Financial Times" надрукавала аргумэнты Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі ААН і Мэтэаралягічнай службы Злучанага Каралеўства. Так, у гэтае дзесяцігодзьдзе глябальная сярэдняя тэмпэратура была на 0,44 градуса вышэйшая за сярэдні паказчык з 1961 да 1990-х гадоў, які складаў 14 градусаў. Таксама дзевяць самых гарачых летаў здарыліся менавіта ў апошняе дзесяцігодзьдзе.

На карысьць свайго меркаваньня, што ня толькі няма пацяпленьня, але нават адбываецца пахаладаньне, скептыкі прыводзяць факт, што высокія тэмпэратуры самага сьпякотнага 1998 году так і не былі перавышаныя. А Ўсясьветная мэтэаралягічная арганізацыя канстатуе, што тэндэнцыя да павышэньня тэмпэратураў працягваецца. Так, сёлета павышэньні тэмпэратураў былі зафіксаваныя ў бальшыні частак сьвету, за выключэньнем Паўночнай Амэрыкі (ЗША і Канады). А на вялікіх абшарах Паўднёвай Азіі і Цэнтральнай Афрыкі сёлета тэмпэратуры будуць рэкордна высокія.

Навукоўцы заяўляюць, што гэтая тэндэнцыя цалкам адпавядае фундамэнтальнай навуцы. Паводле законаў фізыкі, павелічэньне парніковых газаў у атмасфэры зьмяняе глябальны энэргетычны балянс плянэты, што і прыводзіць да пацяпленьня. Таму навукоўцы ня лічаць перабольшаньнем, што награваньне атмасфэры можа прывесьці да небясьпекі незваротнай кліматычнай сытуацыі. Наступствы не ў апошнюю чаргу закрануць харчовую і водную бясьпеку многіх рэгіёнаў сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG