Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Верніку не далі прынесьці карысьць дзяржаве бяз зброі


Дзьмітры Смык

Дзьмітры Смык

Сёньня калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду пад старшынствам Алены Ткачук адхіліла касацыйную скаргу верніка царквы “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка на пакараньне штрафам у памеры тры з паловай мільёны рублёў за адмову служыць у войску.

На калегіі Дзьмітры Смык заявіў: “Я не лічу, што магу быць карысным дзяржаве толькі са зброяй у руках”. Ён абверг выснову дзяржаўнага абвінавачаньня й суду Цэнтральнага раёну, які пакараў яго штрафам, пра тое, што ён нібыта прыняў веру ў пошуку “камфортнага жыцьця”:

“Шчыра кажучы, я проста не разумею, чаму суд выносіць такое рашэньне. Зноў суд выйшаў і сказаў: пакінуць бязь зьменаў. А чаму? Чаму я не магу выкарыстаць сваё права на альтэрнатыўную службу — гэтага ніхто не тлумачыць. Як яшчэ даказаць шчырасьць сваіх перакананьняў, я ня ведаю. Не прадугледжана законам нейкая адмысловая камісія, якая, напрыклад, вызначае шчырасьць перакананьняў”.
Не прадугледжана законам нейкая адмысловая камісія, якая вызначае шчырасьць перакананьняў

Адвакатка верніка падала судовай калегіі даведку абшчыны “Сьведкі Еговы” пра тое, што чатыры гады таму Дзьмітры прыняў пасьвячэньне й хрышчэньне.

Да крымінальнай справы верніка далучана й экспэртнае заключэньне Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Гаворыць прысутны на судзе адзін з аўтараў заключэньня, юрыст БХК Зьміцер Чарных:

“Згодна з артыкулам 57 Канстытуцыі грамадзяне маюць права праходзіць, у тым ліку, і альтэрнатыўную службу. Яна зьяўляецца заменай звычайнай вайсковай службы, калі грамадзянін па сваіх рэлігійных перакананьнях ня можа служыць у войску. Міжнародныя стандарты ў гэтай галіне таксама сьведчаць, што такая служба павінна быць забясьпечана тым грамадзянам, якія гэтага жадаюць. Гэтыя аргумэнты мы прыводзілі ў сваім заключэньні, але суд іх ня ўзяў пад ўвагу”.
Міжнародныя стандарты сьведчаць, што альтэрнатыўная служба павінна быць забясьпечана тым грамадзянам, якія гэтага жадаюць

Выкладчык рэлігіязнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, праваабаронца Віктар Адзіночанка, які сочыць за крымінальнай справай супраць верніка, зьвяртае ўвагу на тое, што паводле закону аб свабодзе сумленьня й веравызнаньнях усе рэлігійныя канфэсіі — роўныя. І менавіта на дзяржаве ляжыць абавязак забясьпечыць гэтую роўнасьць, магчымасьць ажыцьцяўляць свае погляды, у тым ліку й праз альтэрнатыўную вайсковую службу:

“Сытуацыя, якая склалася тут, у Гомелі, у дадзеным выпадку зь Дзьмітром Смыкам, парушае ягоныя правы як верніка, не дае яму магчымасьці ажыцьцяўляць свае рэлігійныя перакананьні. Яна стварае напружанасьць. Як заявіў Смык, ён гатовы нават пайсьці ў турму дзеля адстойваньня сваіх перакананьняў. Я ўпэўнены, што гэта не патрэбна нашай дзяржаве ні з пункту гледжаньня нашай унутранай рэлігійнай сытуацыі, ні з гледзішча прэстыжу нашай краіны на міжнароднай арэне, бо адразу ж узьнікнуць такія выказваньні, што ў нас парушаюцца правы вернікаў. І гэта будзе праўдай — яны тут парушаюцца”.

Ад сёньняшняга дня пакараньне верніку “Сьведкаў Еговы “ Дзьмітру Смыку ўступіла ў сілу. Ён павінен сплаціць тры з паловай мільёны рублёў, па сутнасьці, за патрабаваньне альтэрнатыўнай вайсковай службы.

Ад службы ў войску гэты штраф яго не вызваляе. У наступную прызыўную кампанію Смык абавязаны зьявіцца ў ваенкамат.
XS
SM
MD
LG