Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грып: хваля за хваляй


У Беларусі чакаецца новая хваля эпідэміі грыпу, у тым ліку вірусу А/H1N1, зьвязаная з сэзоннымі захворваньнямі. Адначасна ў Міністэрства аховы здароўя працягваюць паступаць зьвесткі пра новыя выпадкі сьвінога грыпу, а ў аптэках па-ранейшаму не хапае антывірусных прэпаратаў.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя заяўляе пра актывізацыю вірусу А/H1N1 у шмат якіх краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі. Але ў Міністэрстве аховы здароўя па-ранейшаму заяўляюць, што росту захворваньняў у краіне няма, а колькасьць такіх выпадкаў увесь час зьніжаецца. Гаворыць галоўны эпідэміёляг міністэрства Іна Карабан:

“Захворвальнасьць на вострыя вірусныя інфэкцыі — на ўзроўні захворваньняў папярэдняга году, яна зьнізілася, у нас эпідэміі ўжо няма. А пра захворвальнасьць на пандэмічны грып — гэта значыць сьвіны — нам зьвесткі паступаюць кожны тыдзень”.
улік выпадкаў сьвінога грыпу не вядзецца...

Іна Карабан паведаміла, што пра колькасьць выпадкаў сьвінога грыпу яна мусіць удакладніць у першага намесьніка міністра. Аднак пасьля кансультацыяў з вышэйшым чыноўнікам заявіла, што такога ўліку не вядзецца. Таксама ў Міністэрстве аховы здароўя адмовіліся пракамэнтаваць недахоп антывірусных лекаў і прэпаратаў у аптэках. Тым часам па-ранейшаму няма аксалінавай мазі, таміфлю, не хапае іншых мэдыкамэнтаў, паведамляе фармацэўт адной з аптэк прадпрыемства “Белфармацыя”:

Карэспандэнтка: “Ці паступаюць у аптэку антывірусныя прэпараты?”

“Ну, крыху паступаюць. Але ў продажы…. Вельмі хутка разьбіраюць, проста імгненна. Попыт вялікі і разьбіраюць хутка”.

Пра недахоп лекаў сьведчаць і наведнікі аптэкі:

Карэспандэнтка: “Ці спрабавалі вы набываць лекі ад прастуды ці грыпу? Удавалася вам ці не?”

Спадарыня: “Так, праблема ў нас. Нашыя беларускія прэпараты цяжка знайсьці”.

Спадар: “Так, цалкам. Сын дні тры таму пайшоў і набыў тэрафлю і іншыя прафіляктычныя прэпараты”.

Спадарыня: “Лекаў няма тых, якія мне выпісаў урач”.

Карэспандэнтка: “Як вы лечыцеся ў такім выпадку?”

Спадарыня: “Некалі ў мяне сабака хварэў на чумку. І ўрач мне сказаў — гарэлкай, лячыць гарэлкай. І я гарэлкай лячуся, калі лекаў няма”.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі па-ранейшаму заяўляе, што ў Беларусі 1 500 хворых на прастуду і грып, 179 выпадкаў вірусу А/H1N1 і 13 памерлых. Сапраўдную ж статыстыку захворваньняў, а таксама сьмяротнасьць ад пнэўманіі хаваюць наўмысна, кажа лекар-рэаніматар аднаго зь менскіх шпіталяў Віталь:
будзе яшчэ адна хваля грыпу, у тым ліку пандэмічнага А/H1N1 ...

“Сьмяротнасьць ад пнэўманіі — гэта галоўны генэральны паказчык. Іншая рэч, што пнэўманію не выстаўляюць як дыягназ. Так што канцы знайсьці будзе вельмі цяжка. Думаю, што будзе яшчэ адна хваля грыпу, у тым ліку пандэмічнага А/H1N1. Цалкам верагодна, што гэта здарыцца пасьля Новага году. Цяжка сказаць, наколькі міністэрства гатовае да таго, што гэта паўторыцца ізноў. Бо сытуацыя паказала, што ні да чога яны не былі гатовыя”.

Як паведамляюць незалежныя інфармацыйныя службы, штодня ў Беларусі рэгіструецца 10—12 тысяч захворваньняў на прастуду і грып. Толькі ў Гомельскай вобласьці колькасьць хворых амаль у пяць разоў перавысіла мінулагоднія паказчыкі.



Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасьць сьмерцяў у выніку захворваньня на грыпм А/H1N1 толькі за тыдзень павялічылася на тысячу выпадкаў і складае 8768 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG