Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр “Маладога фронту” падаў у пракуратуру дзьве заявы


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч зьвярнуўся ў пракуратуру Заводзкага раёну Менску з заявай аб выкраданьні яго невядомымі асобамі з рацыямі. Інцыдэнт адбыўся 5 сьнежня. Зьмітра вывезьлі амаль за 70 км і кінулі ў лесе з шапкай на твары, прапусьціўшы праз рукавы жэрдку.

Другую заяву Дашкевіч напісаў на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі Заводзкага раёну Менску, якія ў той вечар прыехалі ў кватэру Зьмітра, каб дасьледаваць месца злачынства.

Зьміцер Дашкевіч адзначыў у сваёй заяве: “Чамусьці апэратыўная група, замест таго каб аглядаць непасрэдна месца злачынства, папрасіла зайсьці ў кватэру, каб праверыць, ці насамрэч там няма ноўтбука, скрадзенага невядомымі. У кватэры знаходзіліся Тацяна Качагур, Юрась Казак і Дар’я Бахар. Міліцыянты агледзелі ўсё памяшканьне і сталі вымаць тое, што ніякага дачыненьня да майго выкраданьня ня мае і мець ня можа: 34 кнігі “Маладафронтаўцы”, 16 кніг “Героі веры Старога Запавету”, каля 200 блянкаў пад подпісы ў падтрымку беларускай мовы. Потым супрацоўнікі міліцыі не пакінулі мне нават пратаколу выманьня і зьехалі. Яны адмаўляліся адразу нават прадстаўляцца, толькі пасьля настойлівых патрабаваньняў прадставіліся наступныя супрацоўнікі:

Еўсіевіч Аляксандар Канстанцінавіч, сьледчы Заводзкага УУС — складаў пратакол, лічыў кніжкі;

Невядомская Жанна Паўлаўна, падпалкоўнік міліцыі, намесьніца кіраўніка РАУС Заводзкга раёну — стаяла непасрэдна на месцы ўчыненьня злачынства, назірала, размаўляла з суседкай, кіравала сьледчымі;

Новікаў Алег Мікалаевіч, падпалкоўнік міліцыі, старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах — пералічваў блянкі па беларускай мове.

Яшчэ адмовіліся прадставіцца 3 чалавекі: Невядомская Ж.П. сказала, што адзін — стажор, другі — кіроўца, і што яны ня маюць да апэратыўных мерапрыемстваў ніякага дачыненьня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG