Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Герашчанка – аўтар і выканаўца. Нарадзіўся ў вёсцы Буглаі на Краснапольшчыне. Працуе мастацкім кіраўніком народнага вакальнага калектыву “Пліса” пры Доме культуры Смалявіцкай птушкафабрыкі. Пераможца II Нацыянальнага фэстывалю аўтарскай песьні. Аўтар альбому “Час выбіраць”.


a)

Што для вас свабода?

Займацца любімай справай і за гэта яшчэ і грошы атрымліваць.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Усялякая бязглузьдзіца беларускай рэчаіснасьці.

Што для вас шчасьце?

Глядзець у вочы каханай і ў яе вачах таксама бачыць любоў.

Чаго вы найбольш баіцеся?

Што сучасны дурдом – надоўга...

Які талент вы хацелі б мець?

Рабіць усё, што ўмею цяпер, але на больш якасным узроўні.

Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Давялося б пералічваць шмат імёнаў сучасьнікаў, якія працуюць таленавіта, натхнёна, самааддана.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Музыка, праца ў гародзе, рыбалка.

Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Значна раней пачаў бы займацца тым, чым займаюся цяпер.

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Калісьці ў цягніку на Піцер у часе гарачай дыскусіі аб здароўі зь верхняй паліцы нехта прабурчэў: “Не дурыце галавы, чытайце лепш Г. П. Малахава”.

Які ваш улюбёны дэвіз?

Вучыцца чаму-небудзь усё жыцьцё.

b)

У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Толькі не ў сыстэме, дзе амаль усё залежыць ад аднаго чалавека...

У якой краіне вы хацелі б жыць?

Беларусь – цудоўны край! Пляную перабрацца на Віцебшчыну.

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Была б машына часу, то, можа, дзе і спадабалася б... А так – тут і цяпер!

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

На адказныя пасады падшукваў бы высокаадукаваных, разумных людзей.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Нам трэба кіравацца здаровым сэнсам у адносінах з усімі краінамі.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Нам ня варта глядзець толькі ў адзін бок, бо можна і шыю скрывіць...

Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Калі толькі – дыктатура розуму, гонару і сумленьня...

Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі заслужым таго...

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі б у свой час не задушылі беларусізацыю, то ўжо гаварылі б.

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Будзем “разгаварываць на нармальнам чалавечаскім езыку”, толькі ня трэба тады беларусамі звацца...
XS
SM
MD
LG