Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў: Больш хуткасьці для “Ўсходняга партнэрства”


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Беларусь разам з Украінай і Літвой прадставіла на разгляд Эўразьвязу каля 20 сумесных праектаў. Яны тычацца, сярод іншага, энэргетычнай бясьпекі, пытаньняў транспарту і транзыту, памежнай інфраструктуры.



Пра гэта ў інтэрвію першаму беларускаму тэлеканалу заявіў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, які ўзяў удзел у першай штогадовай нарадзе міністраў замежных спраў краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» ў Брусэлі.

«Апроч таго, мы падкрэсьлілі неабходнасьць хутчэйшага надзяленьня эўрапейскіх фінансавых інстытутаў неабходнымі мандатамі для фінансаваньня праектаў у рамках „Усходняга партнэрства“. Мы таксама падкрэсьлілі важнасьць прыняцьця ўжо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве мераў, якія закранаюць гандлёвыя рэжымы», — сказаў Мартынаў.

Паводле беларускага міністра, асаблівая ўвага была нададзена важнай для беларусаў тэме — спрашчэньню візавага рэжыму.

«Пастаноўка гэтага пытаньня з нашага боку была вельмі актыўна падтрымана ўсімі ўдзельнікамі „Усходняга партнэрства“, нашымі суседзямі Польшчай, Літвой, Латвіяй і многімі іншымі краінамі-сябрамі ЭЗ. Мы дамовіліся, што гэта праблема павінна вырашацца хутчэйшым чынам», — сказаў Мартынаў.

Паводле кіраўніка МЗС Беларусі, абмеркаваньне ў Брусэлі мела «даволі прадметны характар найперш з боку дзяржаў-партнэраў».

Ён адзначыў, што ва «Усходняга партнэрства» ёсьць сур’ёзныя пэрспэктывы. Аднак для рэалізацыі гэтай пэрспэктывы «Усходняе партнэрства» павінна быць значна больш дынамічна дзейным мэханізмам.

«Агульны настрой удзельнікаў у тым, што для „Усходняга партнэрства“ неабходна больш практычнага імпульсу, больш хуткасьці ў дзеяньнях», — зазначыў Сяргей Мартынаў.

XS
SM
MD
LG