Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дактыляскапія стане абавязковай


Адбіткі пальцаў у Беларусі абавязаны будуць здаць каля 2,5 мільёнаў чалавек. Менавіта столькі ў краіне ваеннаабавязаных. Гэта пераважна мужчыны ва ўзросьце ад 20 да 55 гадоў.

Пра гэта заявіў БЕЛТА сябра сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Ўладзімер Васіленка. Ён паведаміў, што на пасяджэньні 9 сьнежня дэпутаты плянуюць разгледзець адразу ў двух чытаньнях папраўкі ў закон аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі. Згодна зь імі плянуецца ўвесьці абавязковую дактыляскапічную рэгістрацыю ваеннаабавязаных. Чакаецца, што з дакладам на гэтую тэму выступіць міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў.

Паводле Ўладзімера Васіленкі, гэтая катэгорыя выбрана таму, што ў яе трапляе найбольш актыўная частка насельніцтва. Зь іх пачнецца паступовы пераход да ўсеагульнай дактыляскапічнай рэгістрацыі ў Беларусі.

Згодна зь дзейным законам, які прыняты ў 2003 годзе, здаваць адбіткі пальцаў абавязаны грамадзяне Беларусі, якія праходзяць вайсковую службу, працуюць у органах унутраных спраў, прафэсійных аварыйна-выратавальных службах, падатковых і мытных органах, органах фінансавых расьсьледаваньняў і пракуратуры. Таксама гэта тычыцца сяброў экіпажаў паветраных, марскіх, рачных суднаў, а таксама асобаў, якія працуюць на небясьпечных вытворчых аб’ектах.

Дактыляскапія абавязковая для тых, каго прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, каго прызнаюць недзеяздольнымі ці абмежаванымі ў дзеяздольнасьці паводле рашэньня суду. Адбіткі пальцаў бяруць у дэпартаваных замежнікаў, у тых, хто хадайнічае аб атрыманьні статуса ўцекача ў Беларусі. Усе астатнія здаюць адбіткі пальцаў у добраахвотным парадку.

Нагадаем, пасьля выбуху, які адбыўся ў ноч на 4 ліпеня падчас канцэрту на Дзень незалежнасьці, праваахоўныя органы пачалі выклікаць грамадзянаў у ваенкаматы для дактыляскапічнай рэгістрацыі. Тых, хто ўчыніў выбух, дагэтуль не знайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG