Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: Пракуратура мусіць сама завесьці справы аб выкраданьнях


Мінула больш як два дні пасьля гвалтоўных выкраданьняў невядомымі апазыцыйных актывістаў Яўгена Афнагеля і Зьмітра Дашкевіча. Ці шукаюць беларускія праваахоўныя органы тых, хто ўчыніў гэтыя напады?

У прэсавай службе МУС атрымаць камэнтар не ўдалося: спачатку там адмовіліся размаўляць, спаслаўшыся на занятасьць, а пазьней слухаўку не паднялі.

Актывіст Яўген Афнагель, якога невядомыя вывезьлі за горад у нядзелю 6 сьнежня, не бярэцца вызначыць, хто яго выкрадаў:

«Ведаеце, тут гадаць — гэта торкаць пальцам у неба. Спадзяюся, зараз ці ў іншай сытуацыі пракуратура і адпаведныя органы разьбяруцца, што гэта за служба, наколькі законныя яе дзеяньні. А таксама пакараюць тых, хто дазваляе сабе ствараць такія службы, якія крадуць людзей у горадзе, і тых, хто дзейнічае ў такіх службах». Сябры Яўгена Афнагеля, у тым ліку тыя, хто раней зазнаў выкраданьні, параілі актывісту зьвярнуцца з заявай не ў міліцыю, а ў пракуратуру. Яўген кажа, што ўжо падрыхтаваў такую заяву ў пракуратуру Першамайскага раёну Менску, на тэрыторыі якога адбылося яго выкраданьне.


Кіраўнік прэсавай службы генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў у размове з карэспандэнтам «Свабоды» выявіў веданьне гісторый пра выкраданьні Яўгена Афнагеля і Зьмітра Дашкевіча. Паводле Пятра Кісялёва, яму невядома, ці завялі ў пракуратуры справу аб выкраданьні гэтых грамадзянаў. Я спытаўся ў Пятра Кісялёва: ці варта заводзіць такія справы?

«Паводле майго 30-гадовага досьведу працы ў пракуратуры, а я працаваў ня толькі з мэдыямі, але маю і практычны досьвед, спачатку трэба паглядзець на матэрыял. Калі я ўбачу матэрыял, тады можна і вызначыцца, варта заводзіць справу ці не».

Праваабаронца
Алег Воўчак
Алег Воўчак раней працаваў сьледчым у пракуратуры аднаго з раёнаў Менску. Паводле Алега Воўчака, у выпадку з выкраданьнямі Афнагеля і Дашкевіча пракуратура абавязаная сама заводзіць справы, не чакаючы заяваў пацярпелых.

«Органы пракуратуры мусяць рэагаваць, калі ў сродках масавай інфармацыі зьявіліся зьвесткі пра зьдзяйсьненьне злачынства. Могуць гэта рабіць і без удзелу самога пацярпелага, потым яго інфармаваць. Гэта паводле 167 артыкула УПК, дзе ідзецца пра падставы для завядзеньня справы. На маю думку, пракуратура мусіць завесьці справу, тым больш, што гэтыя факты ўжо сталі масавымі».

Нагадаем, у сьнежні 2008 году пры падобных абставінах выкрадалі актывіста Артура Фінькевіча. Цягам 2009 году невядомыя вывозілі за горад актывістаў Насту Палажанку, Дзяніса Карнова, Зьмітра Дашкевіча. Справа аб выкраданьні ў сакавіку Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова дагэтуль не расьсьледаваная, спраў пра выкраданьне Артура Фінькевіча і Зьмітра Дашкевіча нават не заводзілі.
XS
SM
MD
LG