Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзесяць гадоў існаваньня так званай “саюзнай дзяржавы” Беларусі й Расеі ў яе гісторыі адбыліся некалькі жорсткіх эканамічных крызісаў, якія атрымлівалі назвы гандлёвых войнаў — “газавай”, “цукровай” або “малочнай”.

За гэты час рабіліся шматлікія спробы з дапамогай саюзнага бюджэту рэалізаваць у рэгіёнах розныя эканамічныя праекты. Ці мелі яны плён? Гэта высьвятлялі сёньня карэспандэнты “Свабоды”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Прафэсар, дацэнт і былы афіцэр прыгадалі Расеі яе грахі перад Беларусьсю


Сёньня ў Горадні адбыўся “круглы стол”, на якім удзельнікі гаварылі выключна пра праблемы ў гісторыі “саюзнай дзяржавы”.

Удзельнікі прыпомнілі ўсе, так бы мовіць, грахі Расеі, якая тармазіла, на іхнюю думку, аб’яднаньне зь Беларусьсю. Сябра абласной арганізацыі “Славянскага камітэту” прафэсар Валеры Чарапіца падкрэсьліў:

Зьлева направа: Валеры Чарапіца, Міхаіл Жураўкоў, Аляксандар Панамароў.
“Людзі зьнізу, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый часьцяком бачаць, што прабуксоўвае гэтая праблема. Сапраўды, ламаць — не будаваць, будаваць заўжды цяжэй, зьбіраць камяні заўжды цяжэй. Ва ўсіх тут прысутных удзельнікаў круглага стала ў памяці інфармацыя з СМІ пра міжасабовыя кантакты, у прыватнасьці, паміж былым прэзыдэнтам Пуціным і Лукашэнкам адносна фармату будучых стасункаў. Памятаеце, гэтая хлёсткая фраза аб неабходнасьці аддзяляць мух ад катлет? Калі была гаворка пра ўваходжаньне Беларусі ў якасьці губэрні. Яна, канечне, абражала патэнцыі, магчымасьці нашай дзяржавы. Маса пытаньняў. А такая праблема, як нафтагазавая вайна?”

Вайсковую тэму пераняў дацэнт Міхаіл Жураўкоў, які паведаміў прысутным, што “даўно займаецца геапалітыкай”. Ён нагадаў пра “газавую”, “цукровую”, “малочную” войны паміж дзьвюма ўдзельніцамі саюзнай дзяржавы. Спадар Жураўкоў падкрэсьліў, што Расея па-ранейшаму на выгадных умовах трымае свой вайсковы аб’ект у Вілейцы.

Затым былы вайсковец, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвэст” Аляксандар Панамароў перавёў размову на эканамічныя рэйкі:

“Натуральна, калі ў нас, як гаворыцца, саюзная дзяржава, ці як правільна сказаць… Мы правільна павінны разумець, калі гаворым — вось нашы сябры, браты, мір, — я прашу ня блытаць, так сказаць, мэцэнацтва з эканомікай. Чым лепшыя ў нас эканамічныя сувязі, тым больш у нас зьяўляюцца нармальныя людзкія адносіны”.

Рэальных праектаў з расейцамі ў рэгіёне не існуе


Тым часам высьвятляецца, што ў Гарадзенскай вобласьці ў ніводнай з галін народнай гаспадаркі ня зьдзейсьнены за 10 гадоў ніводзін сумесны праект у межах саюзнай дзяржавы.

У лістападзе ў Гарадзенскай вобласьці адбыўся сэмінар парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі па ўзгадненьні аграрнай палітыкі. Расейскія дэпутаты наведалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вобласьці і ў выніку прапанавалі распрацаваць праект канцэпцыі адзінай аграрнай палітыкі саюзнай дзяржавы.

Я зьвярнуўся да спэцыялістаў камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні аблвыканкаму з пытаньнем: ці існуюць ужо на Гарадзеншчыне сумесныя праекты ў межах саюзнай дзяржавы?

Высьветлілася, што ніводзін праект за 10 год не даведзены да выніку. Спэцыяліст камітэту ў галіне гароднінаводзтва і садаводзтва Віктар Кірэй кажа, што адносіны з расейскім партнэрамі ажыцьцяўляюцца пераважна на ўзроўні гандлю. Ён дадае, што беларускі рэгіён прапануе расейцам заключаць доўгатэрміновыя дамовы на пастаўку прадукцыі.

Кірэй: “Яны не адкідаюць гэтага, але ў прынцыпе да падобных дамоваў на практыцы мы не дайшлі, каб, да прыкладу, спэцыяльна для іх нешта сеялі альбо высаджвалі на сваіх палях і потым толькі для іх рэалізоўвалі”.

Больш рэальныя прапановы — з Сэрбіі і нават Казахстану


Спадар Кірэй кажа, што больш рэальную афарбоўку з сумеснымі праектамі набываюць прапановы сэрбаў па высаджваньні садоў, а таксама прапанова Казахстану па вырошчваньні розных гатункаў бульбы з Гарадзеншчыны на казахстанскіх землях.

Што тычыцца сумесных праектаў у галіне эканомікі, то загадчык аддзелу зьнешніх сувязяў камітэту эканомікі Віктар Зданчук зазначыў, што падобнай практыкі пакуль не існуе.

Зданчук: “Мы пакуль не рэгістравалі такіх праектаў. Магчыма, яны існуюць сярод прыватнага бізнэсу, але на міждзяржаўным узроўні такіх праектаў пакуль не засьведчана”.

Камэнтуючы адсутнасьць сумесных праектаў саюзнае дзяржавы на Гарадзеншчыне, эканаміст Леў Марголін зазначыў, што, хутчэй за ўсё, іх няма і ў іншых рэгіёнах:

Марголін: “Мне падаецца, што ўсе гэтыя дэклярацыі — папросту спробы запхнуць некуды грошы, а ня нейкая надзённая праблема”.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Аб’ём экспарту ў Расею ўпаў сёлета на 40 працэнтаў


На Магілёўшчыне экспарт тавараў на рынак Расеі зьменшыўся ў параўнаньні зь мінулым годам амаль на сорак працэнтаў. Прадпрыемствы рэгіёну мусяць пераарыентаваць сваю вытворчасьць на рынкі іншых краінаў, бо ня ўпэўненыя ў стабільнасьці расейскай эканомікі. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Патрапіць на заходнія рынкі рэгіянальным прадпрыемствам няпроста, бо яны не гатовыя вырабляць прадукцыю тамтэйшай якасьці, лічыць эканаміст Андрэй Юркоў.

“На расейскім рынку — вось ёсьць рынак, бяруць тавар, потым рэзка не бяруць. Там абсалютна дзікі капіталізм, рынкавая стыхія. На Захадзе даўно гэта прайшлі. Калі нейкае прадпрыемства туды пускаюць, то яго пускаюць у пэўную сыстэму. Гэта гарантаваны збыт, пэўныя аб’ёмы. Таму туды ўсе і імкнуцца”.

Найбольш цярпяць прадпрыемствы, якія арыентаваныя толькі на расейскі рынак. Сярод іх — Бабруйскі машынабудаўнічы завод. Ён таксама шукае магчымасьцяў выхаду на заходнія рынкі:


Заляжалыя запасы таварнай прадукцыі на Магілёўшчыне ацэньваюцца ў 550 мільярдаў рублёў


“Ня сталі заяўкі да нас ісьці, таму зьнізіўся экспарт. У нас жа і дылеры ёсьць у Расеі, і яны спынілі працу. Канкурэнцыя сёньня ёсьць, аднак заводу 110 гадоў, таму мы стараемся трымацца на рынку. Вось сёньня якраз сустракаюць дэлегацыю з Румыніі. Яны паглядзелі нашу працу, і плянуецца добрая замова”, — зазначае супрацоўніца адміністрацыі прадпрыемства.

Арыентацыя на расейскі рынак прывяла да росту аб’ёмаў незапатрабаванай прадукцыі. Цяпер яе запасы ацэньваюцца ў 550 мільярдаў рублёў. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік пагражае звальняць з пасадаў кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія дапусьцілі рост складзкіх запасаў і зьменшылі аб’ёмы вытворчасьці. Сярод іх згадваецца й кіраўнік бабруйскага машынабудаўнічага прадпрыемства.

Інвэстыцыі з Англіі ўжо большыя, чым зь Расеі


Чыноўнікі спадзяюцца, што адолець цяжкасьці ў эканоміцы дазволіць мытны саюз Беларусі, Расеі й Казахстану:

“У самы бліжэйшы час кіраўнікі вядучых фірмаў, карпарацыяў сусьветных ужо імкнуцца сюды, каб ствараць супольныя прадпрыемствы й пастаўляць прадукцыю ў Расею й Казахстан. Мытных падаткаў у нас не павінна быць”, — заяўляе Пётар Руднік.

На расейскі рынак пастаўляцца больш за 65 працэнтаў прадукцыі Магілёўшчыны. Расея застаецца асноўным інвэстарам эканомікі рэгіёну, але не адзіным. За дзевяць сёлетніх месяцаў яна інвэставала 19,8 мільёна даляраў. Ангельцы між тым — 19,1 мільёна, кіпрыёты — больш за трынаццаць мільёнаў.

Грошы зь Беларусі вымагаюць на барацьбу з расейскім бандытызмам


Міністар унутраных спраў Расеі Рашыд Нургаліеў заявіў, што на аўтамагістралі Берасьце — Масква трэба стварыць “калідор бясьпекі”, бо толькі цягам аднаго году тут адбываецца 500 разбойных нападаў. І хаця на тэрыторыі Беларусі сёлета было толькі пяць такіх выпадкаў, аднак ужо вырашана, што грашовыя сумы дзьве дзяржавы выдаткуюць аднолькавыя.

Гэта вынікае з тлумачэньняў начальніка ўправы міліцэйскай аховы дэпартамэнту МУС Беларусі Віктара Лебедзева:

“Ствараюцца два дыспэтчарскія пункты, у якіх будзе знаходзіцца пэрсанал, які будзе адсочваць рух транспарту і прымаць ад яго сыгналы. Адзін з такіх пунктаў будзе знаходзіцца ў Маскве, другі — у Менску”.

Паводле зьвестак Віктара Лебедзева, у Беларусі ахову магістралі маюць забясьпечваць у Менску — 300 аўтамабільных экіпажаў, яшчэ 50 — на Меншчыне і 100 — на Берасьцейшчыне.

Камплект навігацыйнага абсталяваньня для кнопкі “Трывога” каштуе больш як паўтысячы даялраў і таксама вырабляецца ў Расеі.

Даведка “Свабоды”
Цягам 10 мінулых гадоў было абвешчана пра пачатак больш як 40 праграмаў саюзнай дзяржавы. Але найбольшае фінансаваньне зь бюджэту атрымалі абаронныя і памежныя. Праваленыя праграмы “саюзны тэлевізар” і “дызэльны рухавік”. А з-за супярэчнасьцяў чыноўнікаў у вырашэньні сацыяльных праблемаў сума незрасходаваных на гэтыя праграмы сродкаў склала больш як 500 мільёнаў расейскіх рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG