Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніцы малдоўскай палітыкі


У парлямэнце Малдовы адбылася чарговая спроба абраць прэзыдэнта краіны. Сцэнар галасаваньня 10 лістапада паўтарыўся – ізноў кандыдат быў толькі адзін, лідэр Дэмакратычнай партыі Мар'ян Лупу. Ізноў камуністычная фракцыя ў поўным складзе байкатавала выбары. Ізноў усе сябры парлямэнцкай большасьці “Альянсу за эўрапейскую інтэграцыю” – 53 дэпутата – галасавалі за свайго кандыдата, ізноў не хапіла 8 галасоў, каб абраць кіраўніка дзяржавы. Пракамэнтаваць палітычную сытуацыю ў Малдове мы папрасілі кіраўніка кішынэўскага бюро малдоўскай службы радыё Свабода Васіліў Батнару.

Дракахруст: Васіліў, калі адбудуцца наступныя выбары прэзыдэнта, калі адбудуцца наагул? Якія варыянты разьвіцьця падзеяў?

Батнару: Парлямэнт выкарыстаў падвойны рэсурс, які быў у яго ў адпаведнасьці з заканадаўствам, былі дзьве спробы правесьці выбары прэзыдэнта. Зараз выканаўца абавязкаў прэзыдэнта абавязаны па Канстытуцыі распусьціць парлямэнт. Але ,паводле трактоўкі Канстытуцыйнага суду, парлямэнт нельга распускаць двойчы на працягу аднаго году. Апошні раз парлямэнт быў распушчаны ў чэрвені сёлета. Так што не раней чэрвеня 2010 году гэта можа адбыцца. Але да таго часу ўладная кааліцыя магчыма памяняе заканадаўства, каб прэзыдэнта можна было абіраць інакш, усім насельніцтвам. І цяперашняя парлямэнцкая большасьць спадзяецца, што яны здолеюць дамагчыся новых парлямэнцкіх выбараў і перамагчы.

Дракахруст: Камуністы абвінавачваюць парлямэнцкую большасьць, новую ўладу краіны ў парушэньнях Канстытуцыі, фальсыфікацыі рашэньняў парлямэнту, прыпыненьні тэлепраграм на рускай мове, увядзеньні цэнзуры ў СМІ. Наколькі вам падаюцца абгрунтаванымі гэтыя абвінавачваньні?

Батнару: Тое, што выносіцца на палітычную вітрыну – гэта адно: клопат пра людзей, клопат пра Канстытуцыю, пра свабоду слова. Але тое, што адбываецца на складзе "крамы", дзе не заўсёды надта гігіенічна, мы даведаліся ўчора з заявы аднаго зь лідэраў Дэмакратычнай партыі Дзьмітрыя Д'якава. Уладзімер Варонін заклікае ня верыць у байкі Д'якава, але я схільны яму верыць. Паводле Д'якава, камуністы патрабавалі, каб у абмен на галасы ў падтрымку Мар'яна Лупу на прэзыдэнта, парлямэнцкая большасьць адклікала сьпікера і адправіла ў адстаўку ўрад. Варонін быў ня супраць стаць сьпікерам і вылучыць кампрамісную кандыдатуру на прэм'ера. Камуністы хацелі атрымаць гарантыі, што вернуцца ізноў ва ўладу ў тандэме з дэмакратамі. Калі такія ўмовы абмяркоўваліся рэальна за зачыненымі дзьвярыма, адсюль вынікае, што ўвесь клопат пра дабро для народу выглядае несур'ёзным. Камуністы да апошняга моманту спадзяваліся, што неяк вернуцца ва ўладу. Іх крыўда, што яны атрымалі найбольш мандатаў, але апынуліся ў апазыцыі, так і не прайшла.

Яны зараз спадзяюцца на рэванш на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах. Але да наступнага году, калі гэтыя выбары адбудуцца, камуністам будзе цяжка ўтрымаць адзінства партыі. Меншасьць партыі, якая была гатовая падтрымаць Мар'яна Лупу, неўзабаве абвесьціць пра выхад з фракцыі, а можа, і з партыі. І тады раскол, пра які казалі за кулісамі, адбудзецца, і цяжка казаць пра іх посьпех на парляменцкіх выбарах. Хаця як пойдзе раскол, пакуль сказаць цяжка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG