Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня камісія па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў правяла пашыранае паседжаньне, падчас якога дэпутаты і запрошаныя спэцыялісты абмеркавалі папраўкі ў некаторыя законы, што тычацца ўзмацненьня барацьбы са злачыннасьцю. Гэта зроблена ў рамках падрыхтоўкі законапраекту да другога чытаньня. Новы дакумэнт дазваляе агляд жыльля і некаторыя іншыя падобныя працэдуры бяз санкцыі пракурора.

Калі прапанаваныя папраўкі будуць прыняты, то для ўтрыманьня пад вартай, ператрусу, праслухоўваньня і запісу перамоваў дастаткова будзе рашэньня адной з трох асобаў: міністра ўнутраных спраў, старшыні КДБ альбо дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.

Юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч камэнтуе гэта для «Свабоды»:

Ўладзімер Лабковіч
«З пункту гледжаньня права, якое найперш зыходзіць з абароны прававых інтарэсаў грамадзянаў, гэта нонсэнс. Фактычна органам выканаўчай улады, якая непасрэдна падпарадкоўваецца прэзыдэнту, нададзены функцыі бесьперашкоднага сьледзтва і затрыманьня, абмежаваньня волі людзей.

Праўда, пасьля гэта павінна быць узгоднена з пракуратурай. Але ў новым законапраекце прадугледжваецца, што Генэральная пракуратура ня можа адмяніць гэты арышт, а можа толькі яго абскардзіць. І гэты факт паказвае — інстытут пракуратуры, які ў нас і так нельга было лічыць незалежным, цяпер ня толькі фактычна, але і юрыдычна становіцца ў пытаньнях кантролю за крымінальным перасьледам малазначным».

Алег Воўчак, кіраўнік зарэгістраванага ва Ўкраіне праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву: Украіна — Беларусь», называе гэта вяртаньнем у савецкае мінулае:

Алег Воўчак
«Калі ў 30-я гады ня сьледчыя пракуратуры, а сьледчыя НКВД былі галоўнымі асобамі. Гэта яны рабілі ўсё: затрыманьні, арышты... А пракурор толькі ўсё гэта фармальна фіксаваў».

Дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых ініцыятыў Вадзім Іпатаў пераконваў дэпутатаў:

«Такія рашэньні... будуць прымацца ў выключных выпадках, якія патрабуюць апэратыўнага ўмяшаньня для гарантаваньня бясьпекі грамадзтва і дзяржавы. Найперш для прадухіленьня цяжкіх, асабліва цяжкіх, у прыватнасьці карупцыйных, злачынстваў. І такія рашэньні павінны быць пісьмова матываваныя».

Алег Воўчак кажа: пад выключны выпадак вельмі лёгка падвесьці любую справу:

«90% насельніцтва можна падвесьці пад гэты артыкул. І паверце, апэратыўнік так прыгожа ўсё расьпіша: праз свае каналы я маю праўдзівую інфармацыю, у мяне ёсьць шмат рапартаў. І патрэбна чалавека тэрмінова затрымліваць».

Уладзімер Лабковіч кажа: цяжка верыць спадару Іпатаву, што гэта будуць толькі выключныя выпадкі:

«Зыходзячы з нашага досьведу як праваабаронцаў, любыя падобныя дзеяньні потым абарочваюцца дубінай супраць палітычных апанэнтаў. Таму я не выключаю, што такія мэханізмы будуць выкарыстоўвацца, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Патрэбна, напрыклад, будзе хутка правесьці ператрус альбо затрыманьне. І калі раней бяз санкцыі пракурора гэта фармальна было зрабіць немагчыма, то цяпер гэта будзе рабіцца значна прасьцей».

Дарэчы, калі закон уступіць у сілу ў такой рэдакцыі, то пад яго дзеяньне патрапляюць і самі дэпутаты. Можа, таму 4-га сьнежня, калі зьмены прымалі ў першым чытаньні, за іх прагаласавалі далёка ня ўсе парлямэнтары — толькі 70, пры поўным складзе 110 чалавек. Праўда, і супраць ніхто не галасаваў — пратэсту некаторых хапіла толькі на тое, каб не націскаць кнопку.

Канкрэтная дата разгляду законапраекту ў другім чытаньні яшчэ ня вызначаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG