Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2009 год – рэкордна цёплы

  • Міхаіл Раманоускі

2009 год хутчэй за ўсё стане самым цёплым за ўсю гісторыю назіраньняў. Пра гэта паведаміла сёньня Ўсясьветная мэтэаралягічная арганізацыя.


Гэтыя зьвесткі мэтэаролягі ААН распаўсюдзілі ў Капэнгагене ў другі дзень працы міжнароднай канфэрэнцыі ў праблемах клімату. Паводле кіраўніка мэтэаралягічнай арганізацыі Мішэля Жаро, увогуле апошнія дзесяць гадоў (2000 – 2009) былі самымі цёплымі ад 1850 году, калі пачалося рэгістраваньне тэмпэратураў на сьвеце. У сваю чаргу 1990-я гады былі цяплейшымі, чым 1980-я. А 2009 год б’е ўсе рэкорды.

У Капэнгагене на двухтыднёвай канфэрэнцыі прадстаўнікі 192 краінаў абмяркоўваюць стратэгію, як утаймаваць глябальнае пацяпленьне, наступствамі якога ў будучым могуць стаць катастрафічныя паводкі, засухі, ўраганы. Сярод адмоўных вынікаў глябальнага пацяпленьня і моцнае скарачэньне ўраджаяў, а гэта значыць, чалавецтва востра сутыкнецца з праблемай харчаваньня.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта можа адбыцца ў выніку павышэньня сярэдняй тэмпэратуры на плянэце болей як на 2 градусы. Цяпер сярэдняя тэмпэратура на Зямлі складае 14 градусаў Цэльсія.

Спыніць рост тэмпэратуры можна перадусім шляхам скарачэньня выкідаў у атмасфэру гэтак званых парніковых газаў. Напярэдадні канфэрэнцыі лідэры многіх індустрыяльна разьвітых краінаў абяцалі гэта зрабіць.

Тым часам расейскія хакеры ўзламалі сэрвэры ўнівэрсытэту Ўсходняй Англіі, які займаецца праблемамі зьменаў клімату, і выставілі ў інтэрнэце дакумэнты і перапіску брытанскіх навукоўцаў. Зь іх вынікае, што ў апошнія гады тэмпэратура на плянэце не павышаецца, а паніжаецца. Учора пра гэта напісала газэта “The Wall Street Journal”.

***

1. Якія мэты ставіць сабе канфэрэнцыя ў пытаньнях глябальнага пацяпленьня ў Капэнгагене 7-18 сьнежня 2009?

Фармальнай мэтай зьяўляецца выпрацоўка новага пагадненьня аб абмежаваньні выкідаў парніковых газаў у атмасфэру. Гэтае пагадненьне павінна замяніць так званы "Кіёцкі пратакол", які цяпер рэгулюе праблему выкіду парніковых газаў і дзеяньне якога спыняецца ў 2012 годзе.

Асноўнай мэтай зьяўляецца абмежаваньне выкіду парніковых газаў у атмасфэру Зямлі да такой ступені, каб глябальнае пацяпленьне не перавысіла 2 градусаў Цэльсія да паловы гэтага стагодзьдзя.

2. Якое зьмяншэньне выкіду парніковых газаў патрэбнае, каб дасягнуць такога абмежаваньня росту глябальнага пацяпленьня?

Экспэрты ацэньваюць, што багатыя і індустрыяльна разьвітыя краіны павінны абмежаваць гэтыя выкіды на 25-40 адсоткаў (адносна ўзроўню 1990 году) да 2020 году, а потым зрабіць яшчэ больш жорсткія абмежаваньні (80-95 адсоткаў) да 2050 году.

3. А што зь менш багатымі ці беднымі краінамі, якія ўсё яшчэ разьвіваюцца?


Спадзяваньне, што бяднейшыя краіны пагодзяцца на так радыкальнае абмежаваньне выкідаў вуглекіслага газу, у арганізатараў канфэрэнцыі невялікае. Экспэрты лічаць, што неблагім посьпехам будзе, калі бяднейшыя краіны пагодзяцца на абмежаваньні выкідаў вуглекіслага газу да 2020 году на ўзроўні 15-30 адсоткаў.

4. Колькі можа каштаваць сусьветная эканамічная трансфармацыя, якая дазволіла б на абмежаваньне глябальнага пацяпленьня да 2 градусаў Цэльсія да 2050 году?

Некаторыя экспэрты ацэньваюць, што пасьля 2020 году багатыя краіны будуць вымушаныя выкладаць па 600 мільярдаў даляраў штогод, каб аплаціць рахунак пад назвай "спыненьне зьмены клімату". Аптымісты кажуць, што будзе добра, калі на канфэрэнцыі ў Капэнгагене удзельнікі пагодзяцца выкладаць на гэтую мэту 200 мільярдаў даляраў штогод.
XS
SM
MD
LG