Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Аўтуховіча-Асіпенкі працягнулі яшчэ на месяц


Расьсьледаваньне крымінальнай справы жыхароў Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі працягнулі да 8 студзеня 2010 году. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў праваабаронца Алег Воўчак.

“Расьсьледаваньне, як вядома, завершанае, але яго фармальна працягнулі, каб абвінавачаныя далей знаёміліся з матэрыяламі справы. Паводле маіх зьвестак, пакуль вывучана толькі трэцяя частка”, — кажа Алег Воўчак.

Крымінальная справа складаецца з 17 тамоў. Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў і нанясеньні шкоды маёмасьці міліцыянта ды інспэктара падатковай службы. Сваёй віны абвінавачаныя не прызнаюць і тлумачаць перасьлед помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.

Праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі ў Беларусі патрабуюць вызваленьня Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі, якіх лічаць ахвярамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя 8 лютага. У канцы жніўня Юрыя Лявонава вызвалілі, зьняўшы зь яго ўсе абвінавачаньні. Юрый Лявонаў шмат разоў заяўляў, што калі працэс над Аўтуховічам і Асіпенкам будзе адкрытым, усім стане відавочна, што справа супроць іх сфальшаваная.
XS
SM
MD
LG