Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі разгледзіць зварот з Горак


Пётар Маланачкін

Пётар Маланачкін

Зварот горацкай антыядзернай групы да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі з просьбай спыніць перамовы аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі разгледзіць расейскае Міністэрства замежных спраў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымаў электроннай поштай кіраўнік групы Пётар Маланачкін з адміністрацыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі.

Горацкая антыядзерная група зьвярнулася да Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна, а таксама прэзыдэнта дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энэргіі “Росатом” Сяргея Кірыенкі 10 кастрычніка.

Актывісты аргумэнтуюць зварот да расейцаў тым, што ў Канстытуцыі Беларусі замацаваны антыядзерны шлях разьвіцьця краіны, а прыняцьце рашэньня аб будаўніцтве АЭС ёсьць палітычным рашэньнем аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі.

“Мы вырашылі змагацца з атамнай станцыяй любымі сродкамі да перамогі. Калі нас Лукашэнка ня чуе і яго адміністрацыя ня чуе, мы зьвяртаемся да ўсіх ягоных саўдзельнікаў. Мы інфармуем гэтых людзей, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, — гэта беззаконьне, і просім адмовіцца ўдзельнічаць у ім. Калі яны працягнуць супрацоўніцтва — будуць парушаць наш закон”, — кажа Пётар Маланачкін.

Разам зь лістамі былі дасланыя і фотакопіі пяці тысячаў подпісаў жыхароў Горацкага, Шклоўскага, Мсьціслаўскага раёнаў, якія выказаліся супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Атамную электрастанцыю зьбіраюцца збудаваць у Астравецкім раёне Гарадзеншчыны. Плянуецца, што ў 2010 годзе пачнуцца падрыхтоўчыя працы. Паводле міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, на іх выдзяляецца зь бюджэту 320 мільёнаў даляраў. Агулам жа ўзьвядзеньне станцыі ацэньваецца ў 9 мільярдаў даляраў. Крэдытаваць будаўніцтва зьбіраецца Расейская Фэдэрацыя.

Пытаньне аб выдачы Беларусі крэдыту на будаўніцтва АЭС будзе вырашанае бліжэйшымі месяцамі, аб'ём крэдыту ўдакладняецца.
XS
SM
MD
LG