Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30-ае паседжаньне ў справе “Новага жыцьця”


Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе адбываецца разгляд касацыйнай скаргі на высяленьне вернікаў суполкі “Новае жыцьцё”. Ад 2005 году вернікі судзяцца з уладамі. Гэта пачалося пасьля таго, як іх пазбавілі зямельнага надзелу, а потым будынку, які тыя набылі і адрамантавалі за свае грошы. Сёньня -- 30-ае па ліку судовае паседжаньне


На паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суду прыйдуць пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін.

У судзе яны паспрабуюць дамагчыся адмены рашэньня менскага гаспадарчага суду ад 7 кастрычніка, паводле якога вернікі мусяць вызваліць памяшканьне, то бок будынак царквы, які яны нібыта займаюць незаконна. Справа ў тым, што будынак быў перададзены на балянс гарадзкіх уладаў і цяпер ім дэ-юрэ валодае райвыканкам Маскоўскага раёну.

Нагадаем: у жніўні 2005 году гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў спачатку зямельнага надзелу, а потым будынку (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску). Вернікі такім чынам страцілі юрыдычны адрас і пасьля гэтага пастара і адміністратара царквы некалькі разоў штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў.

У 2007 годзе вернікі трымалі галадоўку. Калі людзей пачалі шпіталізаваць, пастара царквы запрасілі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і прапанавалі спыніць галадоўку, паабяцаўшы вырашыць усе пытаньні ў судзе.

Суды цягнуліся да сярэдзіны 2009 году і скончыліся рашэньнем на карысьць уладаў.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў “Свабодзе”:

“Спадзяемся, што наша справа будзе выйграна намі. Але, калі суд прыме рашэньне супраць нас, то канешне з юрыдычнага пункту гледжаньня мы будзем і надалей абскарджваць і гэтае рашэньне.

У нас застаецца яшчэ вышэйшая наглядная інстанцыя Вышэйшага гаспадарчага суду. Але нават, калі ўсе суды будуць супраць нас, то мы, як ужо неаднойчы заяўлялі ўладам, лічым рашэньне Менгарвыканкаму незаконным і са свайго будынку не сыдзем”.

Пастар суполкі “Новае жыцьцё” заяўляе, што вернікі законна валодаюць будынкам, які яны набылі і адрамантавалі за свае горшы.

“Канешне, мы спадзяемся, што калі-небудзь будзе выйгрыш на нашу карысьць. У любым выпадку, калі нават не на нашу карысьць, то мы будзем адстойваць наш будынак. Мы яго нікому не аддамо.

Мы лічым, што займаем яго законна. Нам дагэтуль не прадставілі ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што мы ня можам там знаходзіцца”.

Салідарнасьць зь вернікамі царквы “Новае жыцьцё” выказалі пратэстанты зь Беларусі і замежжа. Улады ад 2003 году пазбавілі рэгістрацыі і ліквідавалі больш за дзясятак суполак. Некалькі пастараў абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаваных набажэнстваў і арыштавалі на тэрмін ад 10 да 15 сутак.

Судовае паседжаньне пачалося ў 10.50 ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG