Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцае 500 даляраў, праект бюджэту абвяргае яго


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сваім Указам зацьвердзіў парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на наступны год. У адпаведнасьці з Указам, прырост ВУП павінен скласьці 11-13 працэнтаў, прырост заробку — 13-14 працэнтаў. Намінальны налічаны сярэднямесячны заробак па народнай гаспадарцы да канца наступнага году павінен дасягнуць 500 даляраў у эквіваленце. Наколькі рэалістычныя гэтыя пляны, за кошт чаго магчыма дасягнуць такіх лічбаў? Што новага можна адзначыць у праекце бюджэту на наступны год? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Ці магчыма праз год дасягнуць заробку 500 даляраў, улічваючы, што цяпер ён складае каля 350 даляраў? Чым беларуская эканоміка можа дасягнуць такой лічбы?

Злотнікаў: Па-першае, я хацеў бы адзначыць супярэчнасьць двух дакумэнтаў. У парлямэнт паступіў праект бюджэту на 2010 год, у якім сказана, што рэальныя заробкі ў бюджэтнай сфэры расьці ня будуць, застануцца на ўзроўні гэтага году. Што ж атрымліваецца? — у бюджэтнай сфэры заробкі расьці ня будуць, а ў астатніх так вырастуць, што сярэдні ўзровень дасягне 500 даляраў?

Па-другое, прагноз эканамічнага разьвіцьця прадугледжвае надта высокі рост ВУП — на 11-13 працэнтаў. Нават калі гэта будзе, то тады сярэдні заробак можа вырасьці працэнтаў на 10, да 400 даляраў. Але 500 даляраў — гэта проста нерэальна.

Цыганкоў: Можа, яны проста разьлічваюць, што даляр упадзе на 30 працэнтаў, як гэта прадказваюць некаторыя эканамісты?

Злотнікаў:
Гэта проста непрадуманая і палітычная лічба.
Я таксама пра гэта падумаў. Але я мяркую, што на гэта яны не разьліваюць. І гэта проста непрадуманая і палітычная лічба. Я ўпэўнены, што заробкі ня толькі ў бюджэтнай сфэры, але і ў іншых сфэрах ня будуць істотна расьці. Бо эканамічнае становішча такое, то нельга чакаць такога высокага росту ВУП, што заплянаваны прэзыдэнцкім указам.

Цыганкоў: Сёньня ў Палату Прадстаўнікоў быў прадстаўлены праект бюджэту. Якія асаблівасьці гэтага праекту варта вызначыць, ці адрозьніваюцца асноўныя накірункі выдаткаў ад мінулагодніх?

Злотнікаў: Бюджэт быў і застаўся сацыяльна арыентаваным — каля 60 працэнтаў накіроўваецца на сацыяльныя расходы. Гэтак было і сёлета. Што да падтрымкі эканомікі, то яна будзе вельмі малая, крыху менш трыльёну рублёў. Але на падтрымку сельскай гаспадаркі накіроўваецца ў 6 разоў больш, чым на падтрымку іншых галінаў. У цэлым структура і накірункі расходаў кансалідаванага бюджэту застаюцца як у мінулым годзе.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG