Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Аляксандар Лукашэнка ўдзячны ЦВК


Пасяджэньне ЦВК у верасьні 2008

Пасяджэньне ЦВК у верасьні 2008

Аляксандар Лукашэнка абвясьціў падзяку калектыву Цэнтральнай выбарчай камісіі. Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, падзяка калектыву ЦВК аб'яўлена "за высокапрафэсійную арганізацыю правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, удасканаленьне нацыянальнай выбарчай сыстэмы, значны ўклад у разьвіцьцё дэмакратычных асноў фарміраваньня дзяржаўнай улады".

Нагадаем, 26 жніўня ў інтэрвію першаму намесьніку гендырэктара ІТАР-ТАСС Міхаілу Гусману кіраўнік Беларусі заявіў, што аддаў загад сфальшаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. «За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. Я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі ціснуць, што мы сфальшавалі выбары. І я груба сказаў: “Так, сфальшавалі”. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80%, я ня памятаю, колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псыхалягічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда”, — прызнаўся кіраўнік Беларусі.

У верасьні прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў перадалі ў генпракуратуру Беларусі зварот 50-ці вядомых грамадзянаў краіны – удзельнікаў выбарчых кампаніяў – па факце фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Аўтары звароту патрабавалі пачаць крымінальную справу на падставе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра фальшаваньне вынікаў выбараў.

У лістападзе старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў ліст ад Генпракурора Рыгора Васілевіча, дзе, у прыватнасьці, сьцьвярджалася: «Дакумэнтальных дадзеных аб скажэньні вынікаў праведзеных 19.03.2006 выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама дадзеных аб якіх-небудзь іншых парушэньнях палажэньняў Выбарчага кодэксу пры падліку галасоў і аб'яўленьні вынікаў выбараў, Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь ня мае”.
XS
SM
MD
LG