Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 сьнежня ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла канфэрэнцыя «Першы год крызісу: выклікі для беларускай эканамічнай палітыкі». Яе праводзіў Дасьледчы цэнтар «Дасьледаваньні. Прагнозы. Маніторынг».

Эканаміст Алена Ракава ў сваім выступе прааналізавала эканамічную палітыку беларускага ўраду і паспрабавала адказаць на пытаньне: «Што гэта насамрэч было — лібэральныя рэформы ці часовыя захады?» Спадарыня Ракава адзначыла, што рэформы ў Беларусі праводзяцца вымушана, пад праграму крэдытаў МВФ.

«Сказаць складана пра тое, што ў нас урад, адміністрацыя прэзыдэнта маюць прарынкавую накіраванасьць, што яны прарыначнікі. Няма ўсьведамленьня на самых вярхах пра тое, што насамрэч беларуская мадэль была і ёсьць недасканалая, з мноствам недахопаў. Бальшыня прынятых зьменаў мелі касмэтычны характар. Самы галоўны мінус — гэта адсутнасьць структурных рэформаў».

Зьміцер Крук.
Неаднаразова кіраўніцтва краіны заяўляла пра тое, што ў Беларусі нібыта няма крызісу. Паводле эканаміста Зьмітра Крука, урад спрабуе паказаць, што ў наступным годзе крызісу ня будзе і мы зможам падтрымліваць высокія тэмпы росту. Аднак такая палітыка можа быць небясьпечнай з пункту гледзішча доўгатэрміновых пэрспэктыў. Дзе ж найбольш ударыў сёлета крызіс па беларускай эканоміцы?

«Найперш гэта зьнешні сэктар і наш экспарт. Шмат па якіх таварах мы страцілі зьнешнія рынкі. Па-другое, гэта патэнцыйныя праблемы ў банкаўскім сэктары. Тое, што сёньня шмат дзяржаўных банкаў маюць вялікія праблемы зь ліквіднасьцю і ў банкаўскім сэктары назапашаны пэўныя дыспрапорцыі. Гэтыя два напрамкі сталі асноўнымі для Беларусі».

Ігар Пеліпась
Ці дасягнуў дна крызіс у Беларусі? Паводле дырэктара цэнтру Ігара Пеліпася, адказаць на гэтае пытаньне складана, бо існуюць супярэчлівыя ацэнкі таго, ці дасягнуў ён дна ў цэлым у сьвеце.

«На гэтым этапе краіне галоўным чынам за кошт зьнешніх пазыкаў удалося стабілізаваць макрасытуацыю і падтрымаць яе на нейкім прымальным узроўні. Але асноўная праблема — як будзе працаваць эканоміка ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Гэта праблема зьнешняга гандлю. Ці ўдасца атрымаць на асноўных рынках тыя ж пазыцыі, як гэта было да крызісу? Гэта бадай што не. Важная праблема канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі. Рана ці позна Беларусі давядзецца расплачвацца па крэдытах. Гэта таксама азначае, што беларуская эканоміка павінна стаць іншай і выпусьціць шмат канкурэнтнага тавару, каб гэтага хапіла і на пагашэньне крэдыту, і на больш-менш устойлівае разьвіцьцё. Праблема ня ў тым, ці дасягнулі мы дна. А праблема ў тым, як мы адрэагавалі на крызіс».

Аляксанадар Чубрык: “Калі ты працуеш, значыць, ты хутчэй за ўсё ня бедны”.
Эканаміст Аляксандар Чубрык прэзэнтаваў на канфэрэнцыі даклад пра магчымыя наступствы крызісу для беларускіх хатніх гаспадарак. Ён лічыць, што беднасьць можа павялічыцца з-за рэцэсіі, росту беспрацоўя і інфляцыі ці дэвальвацыі. Ён лічыць, што ў Беларусі недастаткова ўвагі аддаецца сацыяльным пытаньням.

«Сацыяльная арыентацыя ў беларускай эканоміцы такая: калі ты працуеш, значыць, ты хутчэй за ўсё ня бедны. Калі ты не працуеш, значыць, у цябе ніякай сацыяльнай абароны амаль няма. Значыць, у цябе ёсьць вялікія стымулы, каб працаваць. А калі адбываецца крызіс, ты са сваімі стымуламі працаваць можаш не знайсьці працы. І ў гэтым праблема, бо старая мадэль не адаптаваная да крызісу. Таму яна патрабуе рэформаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG