Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фінькевіч: “Я падумаў, што магу паўтарыць лёс Ганчара і Захаранкі”


Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель ня вераць, што сьледчыя знойдуць злачынцаў, якія іх гвалтоўна схапілі і вывезьлі за горад.

Нагадаем: 5 сьнежня Зьмітра схапілі, як толькі ён выйшаў са сваёй кватэры, і завезьлі амаль за 70 кілямэтраў ад Менску. На наступны дзень на вуліцы схапілі Яўгена Афнагеля і вывезьлі за горад за 20 кілямэтраў.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч стаў пятым па ліку актывістам моладзевага дэмакратычнага руху, якога схапілі і вывезьлі за горад цягам году.

5 сьнежня ён меўся быць на прэзэнтацыі кааліцыі моладзевых арганізацый “Новае пакаленьне”, якое было заплянавана на 12 гадзіну ў Купалаўскім сквэры. Як толькі хлопец выйшаў з кватэры, яго схапілі і пацягнулі ў машыну. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:
Такія захады беларускага рэжыму сьведчаць пра ягоны бандытызм.

“Я не зьдзівіўся, бо ня першы раз мяне затрымліваюць. Але я думаў, што гэта міліцыянты, якія завязуць мяне ў аддзел. Калі ж мне ў аўтобусе нацягнулі на галаву дзьве шапкі, я зразумеў, што гэта карны атрад.

Такія захады беларускага рэжыму сьведчаць пра ягоны бандытызм. Калі раней спрабавалі хаця б якую-небудзь юрыдычную норму выконваць — прадстаўляцца, зачытваць нейкі артыкул адміністрацыйнага кодэксу, то цяпер бяруць гвалтам і крадуць рэчы, грошы, тэлефоны, ноўтбук.

Гэта нагадвае гульню ў “вайнушку”. Я яшчэ разумею, калі б так спрабавалі запужаць нейкага новага сябра дэмакратычнага руху. А калі затрымліваюць лідэраў, якія прайшлі празь не адно затрыманьне, то гэта мала на што ўплывае. Ня думаю, што такія дэбільныя дзеяньні спэцслужбаў здолеюць умацаваць рэжым. Натуральна, у лесе было ня вельмі прыемна, калі ў рукавы паліто працягнулі жэрдку, каб ня мог павярнуцца ці каб ня выйсьці зь лесу”.

Тым часам паплечнікі Зьмітра шукалі яго цягам пяці з паловай гадзінаў. Спачатку яны думалі, што хлопца затрымалі прэвэнтыўна, каб ня даць паўдзельнічаць у вулічнай акцыі. Але калі прайшло больш за тры гадзіны, яны пачалі хвалявацца.

Нарэшце Зьміцер патэлефанаваў, каротка паведаміў, што яго вывезьлі за горад, і папрасіў прыйсьці ў ягоную кватэру, бо там адчыненыя дзьверы.

У Зьмітра пры сабе былі два мабільныя тэлефоны, ноўтбук, флэшкі, грошы і ключы. Усе рэчы выкрадальнікі забралі сабе.

Зьміцер Дашкевіч. Гісторыя выкраданьня
Сёлета 5 сьнежня аб 11-й гадзіне лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча схапілі невядомыя, як толькі ён адчыніў дзьверы сваёй кватэры, што на Партызанскім праспэкце ў Менску. Дашкевіча закінулі ў машыну і павезьлі за горад. Празь пяць з паловаю гадзін Зьміцер патэлефанаваў з чужога мабільнага тэлефона і толькі сказаў сваім сябрам, што знаходзіцца ў вёсцы Антонаўка Лагойскага раёну.
Пасьля таго як Дашкевіч падаў заяву ў міліцыю і прыехаў дадому, туды адразу прыйшлі міліцыянты. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:
Адных бандытаў папрасілі знайсьці іншых бандытаў ...

“Як паводзілі сябе міліцыянты, якія прыехалі на кватэру пацярпелага, каб дасьледаваць месца злачынства, гэта як мінімум зьдзіўляе. Яны прыехалі паглядзець, ці ня ўтойваю я ноўтбук, пра які я заявіў, і тут жа ўбачылі 34 кніжкі “Маладафронтаўцы”, кнігі “Героі веры Старога Запавету”, а гэта ўвогуле ўжо маразм. Тым больш што яны забралі блянкі “За беларускую мову”, а іх у нас яшчэ ніводзін міліцыянт не забіраў. Адмовіліся даваць копіі пратаколу выняцьця і зьехалі.

Я гэта пракамэнтаваў кіраўніку сьледчага аддзелу Заводзкага РУУС: “Адных бандытаў папрасілі знайсьці іншых бандытаў”.

Сьпіс апазыцыянэраў, якіх апошнім часам вывозілі далёка за горад, распачаў лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч. Гэта адбылося летась 19 сьнежня.

Артур Фінькевіч. Гісторыя выкраданьня
19 сьнежня 2008 году Артура Фінькевіча схапілі, як толькі ён выйшаў з пад’езду дому. Яго зацягнулі ў мікрааўтобус, нацягнулі на твар шапку і некалькі гадзінаў вазілі па горадзе, а потым завезьлі за Валожын і выкінулі з машыны. У хлопца адабралі мабільны тэлефон, каля 270 тысяч рублёў, флэшкі, пашпарт і ўсё, што было ў кішэнях.

На наступны дзень у кватэру Артура наведаліся міліцыянты і вынесьлі адтуль сьцягі, буклеты, стужкі з надпісам “Маладая Беларусь” і ноўтбук. Ноўтбук Артур забраў, а ўсе іншыя рэчы дагэтуль знаходзяцца ў міліцыі.
Калі 25 сакавіка ў машыну закідвалі намесьнікаў Дашкевіча Насту Палажанку і Дзяніса Карнова, то, як яны казалі, пасьля выпадку з Артурам Фінькевічам ім было ўжо ня так страшна, тым больш што яны былі ўдваіх. Пасьля таго як была распачата крымінальная справа, маладыя людзі пазналі аднаго з выкрадальнікаў — байца спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” Аляксандра Леаненку. Але дагэтуль справа так і не патрапіла ў суд.

Наста Палажана і Дзяніса Карноў. Гісторыя выкраданьня
25 сакавіка 2009 году паплечнікаў Дашкевіча Насту Палажанку і Дзяніса Карнова людзі ў цывільным і з рацыямі брутальна схапілі каля станцыі мэтро “Каменная горка”. Іх таксама адвозілі за горад. Спачатку з машыны выкінулі Насту, а Дзяніса павезьлі ў лес пад Дзяржынск.
У кожным выпадку выкраданьня і рабаўніцтва была распачата крымінальная справа, але ўсе яны прыпыненыя.

Яўген Афнагель лічыць, што зьвяртацца ў міліцыю трэба толькі з адной мэтай — зафіксаваць факт злачынства, каб потым, у часы дэмакратыі, пакараць злачынцаў.

“Я думаю, што іх ня знойдуць і шукаць ня будуць. У кожным разе рэагаваць на такія рэчы трэба, таму што калі зьменіцца ўлада і Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратура будуць выконваць законы і разглядаць тыя справы, то гэтая інфармацыя спатрэбіцца”.

Яўген Афнагель. Гісторыя выкраданьня
Лідэра «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля схапілі на вуліцы невядомыя людзі ў цывільным і вывезьлі за горад. Афнагель паведаміў, што гэта адбылося 6 сьнежня ў 16:45 на вуліцы Бялінскага ў Менску. Яму загадалі нахіліць галаву на калені і так з паўгадзіны вазілі па горадзе. Потым вывезьлі за горад. Празь нейкі час аўтамабіль спыніўся і яму загадалі выйсьці. Перад тым як зьехаць, невядомыя забралі ў хлопца батарэю мабільнага тэлефона. Яўген Афнагель апавёў, што ў яго было два тэлефона і другі яны папросту не заўважылі. Таму яму ўдалося даволі хутка зьвязацца са сваімі сябрамі. Яўген паведаміў, што ён зь кілямэтар ішоў па трасе, пакуль не ўбачыў указальнік, што перад ім вёска Жукаў Луг.
Паводле Крымінальнага кодэксу асобы, якія выкрадалі апазыцыянэраў, парушылі некалькі артыкулаў, у прыватнасьці — выкраданьне, зьдзяйсьненьне гвалту, крадзеж і нанясеньне пашкоджаньняў. За гэта прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Актывісты беларускай апазыцыі маюць намер пачаць інфармацыйную кампанію, прысьвечаную выкраданьням людзей у Беларусі. Пра гэта было заяўлена на пашыранай нарадзе актывістаў дэмакратычных сілаў 7 сьнежня ў Менску.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Дзьмітры Бандарэнка прапанаваў лідэрам партый і рухаў паведаміць пра факты выкраданьняў свіам эўрапейскім партнэрам, каб тыя на ўзроўні Эўразьвязу запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць падобную практыку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG