Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выкраданьне чалавека — да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй


Як трактуюцца апошнія выкраданьні моладзевых актывістаў зь юрыдычнага пункту погляду? Якая адказнасьць прадугледжана за такія гвалтоўныя дзеяньні? Як ратавацца, як перасьцерагчыся ў падобнай сытуацыі?

Юрысты кваліфікуюць выпадкі, якія адбыліся ў апошнія дні з моладзевымі актывістамі Зьмітром Дашкевічам і Яўгенам Афнагелем, як выкраданьне чалавека альбо незаконнае пазбаўленьне волі. Адказнасьць за гэтыя злачынствы прапісаная ў Крымінальным кодэксе. Тлумачыць юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:
Гэтае злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх.

“Тыя дзеяньні, якія зараз адбываюцца і, на жаль, сталі сыстэматычнымі (я маю на ўвазе захоп грамадзкіх моладзевых актывістаў, калі іх вывозяць у лес, пазбаўляюць мабільных тэлефонаў) — безумоўна, падпадаюць пад артыкул 182 Крымінальнага кодэксу — выкраданьне чалавека. Гэтае злачынства адносіцца да катэгорыі цяжкіх: па першай частцы прадугледжана пакараньне да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці”.
Гары Паганяйла

Артыкулы 182 — “Выкраданьне чалавека” і 183 — “Незаконнае пазбаўленьне волі” на юрыдычнай мове трактуюцца як “Злачынствы супраць асабістай свабоды, гонару і годнасьці” (глава 22 Крымінальнага кодэксу). Праваабаронца, экспэрт Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла дапускае, што выкраданьні моладзевых актывістаў можна кваліфікаваць і больш жорстка — паводле артыкулаў 424 альбо 426:
Калі гэтыя дзеяньні ажыцьцявілі спэцслужбы, гэта можа быць злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, альбо перавышэньне ўлады”.

“Мы можам меркаваць, што гэтыя дзеяньні ажыцьцявілі спэцслужбы, то бок службовыя асобы ў афіцыйным статусе. І тады гэта ўжо больш цяжкае злачынства, якое знаходзіцца ў главе 35 “Злачынствы супраць інтарэсаў службы”. У прыватнасьці, гэта можа быць злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі, альбо перавышэньне ўлады”.

Юрыст БХК Гары Паганяйла ўзгадаў добры дзясятак падобных выкраданьняў апазыцыянэраў, грамадзкіх актывістаў, калі іх вывозілі за горад, зьбівалі, кідалі ў лесе. Але тых, хто зьдзейсьніў злачынства, не знайшлі і не пакаралі:

“Усе гэтыя выпадкі вядомыя, апісаныя. Былі звароты грамадзянаў, праваабарончых арганізацыяў у органы міліцыі і пракуратуру. Аднак ніводнае з гэтых злачынстваў так і не расьсьледавана, вінаватыя так і не пакараныя. А гэта наўмысныя дзеяньні супрацоўнікаў спэцслужбаў па запалохваньні актывістаў грамадзянскай супольнасьці”.
У такіх выпадках трэба як мага больш прыцягваць увагу людзей, якія побач.
Уладзімер Лабковіч

Што рабіць у крытычнай сытуацыі, як засьцерагчыся? Юрыст Уладзімер Лабковіч дае такія парады:

“У такіх выпадках трэба як мага больш прыцягваць увагу людзей, якія побач. Хаця тыя асобы, якія выкрадаюць, безумоўна, гэта робяць прафэсійна, робяць усё, каб гэта засталося незаўважаным. У такой сытуацыі трэба не баяцца, кантраляваць абстаноўку і самога сябе. Абавязкова зьвяртацца ў міліцыю і пракуратуру, якая таксама павінна быць далучана, асабліва калі гэта пачало набываць сыстэматычны характар”.

Беларускія праваабаронцы патрабуюць, каб улады неадкладна спынілі гэтую заганную практыку, ужываньне цалкам недапушчальных, незаконных, крымінальных мэтадаў барацьбы зь іншадумцамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG