Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы здаюць у рамонт абутак 30-гадовай даўніны


Сэзонны наплыў кліентаў адчулі ў майстэрнях, дзе рамантуюць абутак. Майстры кажуць, што гарадзенцы сталі альбо беднымі, альбо эканомнымі.

У абутковай майстэрні, што ў старой частцы гораду, людзей ня надта шмат. Час ад часу нехта здае, а нехта забірае абутак. Аднак майстар, спадарыня Вера, запрашае мяне ў свой пакой: усе стэляжы заваленыя абуткам, прычым самым розным.

Пытаюся — які абутак прыносяць на рамонт?

Спадарыня: “І 80-х, і 90-х гадоў, хто які мае. Дык той яшчэ болей выношваецца, чым цяперашні”.

Да нас далучаецца спадарыня Марыя, якая толькі што прыняла абутак ад сталае жанчыны.

Спадарыня: “Пераважна базарны абутак, танны, з цыраты, які нават ня клеіцца. Дый нагул стары абутак нясуць, пераважна яшчэ зь дзедаўскіх часоў. Адным словам: хто што знаходзіць у загашніку, тое і нясуць. Ідуць і маладыя, і старыя, і дзеці…”

Спадарыня здае ў рамонт адразу некалькі пар абутку: жаночыя боты і мужчынскія туфлі. Кажа, што набываць добры і новы абутак на ўсю сям'ю дарагавата, бо нармальны абутак пачынаецца ад 100 эўра. Пытаюся — па колькі гадоў вы носіце адну пару?

Спадарыня: “Доўга носім, па некалькі сэзонаў. Гэта сын яшчэ часьцей можа мяняць, а мы з мужам — гадоў па пяць. Толькі вось з моды выходзяць, а так яшчэ можна было б падрамантаваць і хадзіць. Я вельмі акуратна нашу абутак”.

Спадарыня Вера распавядае, што калі раней людзі маглі дазволіць сабе некалькі пар добрага абутку, то зараз абутак заношваюць да дзірак. Некаторыя прыходзяць і просяць, каб зрабілі ім адразу, бо абутку на перамену няма наагул.

Да нашае размовы далучаецца спадар, ён таксама толькі што здаў пару зімовых жаночых ботаў. Кажа, што якасьць беларускага абутку з сумесных прадпрыемстваў ужо нядрэнная, але кошты, на яго думку, павінны быць ніжэйшымі.

Спадар: “Сярэдні кошт абутку зараз сягае вышэй за сто тысяч. Зразумела, што для нашых людзей гэта нятанныя кошты. Нармальны абутак — у межах 200 тысяч, можа трохі меней”.

Зараз у Горадні рамантуюць абутак каля 60 майстэрняў, пераважна прыватных. Праўда, са слоў саміх майстроў, яны часта то адчыняюцца, то зачыняюцца з прычыны высокай арэнднай платы.

А што да коштаў на рамонт абутку, то, згодна з прэйскурантам, яны складаюць ад 5 да 23 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG