Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія ўлады заклікаюць даносіць на вернікаў


Магілёўскія ўлады заклікалі грамадзян паведамляць у аддзелы ідэалягічнай працы пра незарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі і іх мерапрыемствы. У сьпісе праяваў крамольнай дзейнасьці значацца сходы, распаўсюджваньне літаратуры, місіянэрская праца ды наведваньне кватэраў грамадзянаў. Найчасьцей на Магілёўшчыне за такія грахі караюць пратэстантаў.

У Асіповічах у прыватным доме група мясцовых пратэстантаў адзначала Сьвята ўраджаю. Нечакана туды прыйшлі ідэолягі райвыканкаму зь міліцыянтамі. Пра гэтае здарэньне пратэстанты апавядаюць зь неахвотай:

“Нам трэба ня толькі верыць у Бога, але й пакутаваць за Яго. Штрафы даюць, але ніхто іх ня плаціць, бо ня лічым сябе вінаватымі. Калі заплацім, то мы прызнаем сябе вінаватымі. Калі б на гэтым сьвеце была п’янка, гулянка, бойка, то гэта, відаць, было б добра, а калі ўсё прыстойна, то гэта дрэнна”, — кажа адна з асіповіцкіх пратэстантак.

Пратэстанта, які ўзяў на сябе адказнасьць за арганізацыю сьвята, пакаралі штрафам.
Нам трэба ня толькі верыць у Бога, але й пакутаваць за Яго. Штрафы даюць, але ніхто іх ня плаціць, бо ня лічым сябе вінаватымі. Калі заплацім, то мы прызнаем сябе вінаватымі.

Іншую пратэстантку пакаралі ў Магілёве. Людмілу Бацюк за стварэньне рэлігійнай арганізацыі Кастрычніцкі суд аштрафаваў на 140 тысяч рублёў. Абвінаваўцамі на судзе былі ідэолягі. Бацюк вінаватай сябе не прызнае й сьцьвярджае, што лекавала людзей ад алькагалізму. Пратэстантка абскарджвала вырак у Вярхоўным судзе, але безвынікова:

“Цяпер я зьбіраюся пісаць у ААН. Я выкарыстоўвала мэтодыку, заснаваную на духоўных каштоўнасьцях. І тут умяшаліся нашыя ўлады. Але ў Канстытуцыі нам гарантаваная права свабоды на веравызнаньне й выражэньне нашых каштоўнасьцяў. Як мы можам, так мы іх і выражаем”.

Паводле Людмілы Бацюк, 25 кастрычніка ў вёсцы Гарбацэвічы, што на Чавушчыне, міліцыянты не дазволілі ў прыватным доме праводзіць пратэстанцкае набажэнства Ірыне Грык-Машароўскай. Пры ператрусе забралі літаратуру, склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Днямі з заклікам паведамляць пра дзейнасьць незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў да грамадзян зьвярнулася камісія ў пытаньнях рэлігіі і свабоды сумленьня гарвыканкаму. Паведамляць, як вынікае з закліку, трэба ідэолягам.

Супрацоўнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму зазначыў, што сэктаў на Магілёўшчыне няма:

“У нас адзіная ёсьць арганізацыя незарэгістраваная — Савет цэркваў хрысьціян-баптыстаў. Клопатаў зь імі асаблівых не бывае, аднак мы зь імі працуем, каб яны працавалі як зарэгістраваныя рэлігійныя арганізацыі. Яны на рэгістрацыю не ідуць. Яны кажуць, што ня хочуць рэгістравацца. Прычынаў не тлумачаць”.
Рэгістрацыя патрэбная ўладам, каб сабраць інфармацыю пра ўсіх яе сяброў. Ты сам заносіш пад гільятыну свае рукі. Яны могуць чыкнуць у любы момант ці цябе, ці тваіх сяброў, ці сваякоў

Спрабаваў зарэгістраваць пратэстанцкую суполку жыхар Горак Пётар Маланачкін. Улады адмовілі яму ў гэтым, бо суполка ня мела свайго памяшканьня:

“Як адказаў мне асабіста кіраўнік аддзелу па рэлігійных арганізацыях, можа, вас будуць узрываць. Дык пацярпяць іншыя людзі. А тэрыторыю пад будоўлю новага будынка нам ня выдзелілі. Рэгістрацыя патрэбная ўладам, каб сабраць інфармацыю пра ўсіх яе сяброў. Ты сам заносіш пад гільятыну свае рукі. Яны могуць чыкнуць у любы момант ці цябе, ці тваіх сяброў, ці сваякоў”.

Самога Маланачкіна таксама пакаралі штрафам на 175 тысяч рублёў за тое, што ён пад вокнамі свайго дома без дазволу ўладаў усталяваў стэнд, на які выкладаў рэлігійную літаратуру. Стэнд зламалі ў траўні. Вінаватых дагэтуль знайсьці ня могуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG