Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Красоўскі: Пухір “парніковага эфэкту” лопне гадоў празь пяць


Аляксандар Красоўскі

Аляксандар Красоўскі

Сярод галоўных міжнародных падзеяў гэтага тыдня — Капэнгагенская канфэрэнцыя па праблемах зьмяненьня клімату Зямлі і, у прыватнасьці, далейшага абмежаваньня выкідаў у атмасфэру “парніковых” газаў. Сярод навукоўцаў і спэцыялістаў плянэты да гэтай праблемы стаўленьне рознае. Грамадзкі рэдактар тыдня — кандыдат навук, дырэктар Нацыянальнага навукова-дасьледчага цэнтру маніторынгу азонасфэры Аляксандар Красоўскі — дзеліцца сваімі поглядамі з карэспандэнтам Свабоды Аляксандрам Байчуном.

Байчун: “Кіёцкі пратакол разьлічаны да 2012 году — які плён маем на сёньня? У прыватнасьці, для Беларусі? Адмыслова для слухачоў нагадаю: гэты міжнародны дакумэнт прадугледжваў скарачэньне прамысловых выкідаў у атмасфэру, бо зь нядаўняга часу лічыцца, што яны спрыяюць глябальнаму пацяпленьню”.

Красоўскі: “Шмат якія краіны, асабліва постсавецкія, спадзяваліся, што далучэньне да так званага Кіёцкага пратакола пра зьмяншэньне выкідаў у атмасфэру дазволіць ім атрымаць істотную грашовую падтрымку ад фінансава моцных падпісантаў праз гандаль квотамі на тыя самыя зьменшаныя выкіды. Бо некаторыя краіны сапраўды “пазелянелі”. Але — ніхто квотамі дагэтуль не гандлюе і, здаецца, гандляваць не зьбіраецца”.

Байчун: “Але ж у плянах капэнгагенскай канфэрэнцыі “забіта”сярод іншых і гэтае пытаньне?”

Красоўскі: “Яно “забітае” ўвесь час! А толку?”

Байчун: “Абяцанкі-цацанкі?”

Красоўскі: “Сыр у мышалоўцы… Вось і Беларусі дагэтуль нічога не перапала і зноў жа, здаецца, не перападзе. Бо няма лёгікі: мы ж зараз пераходзім на вышукі вугалю, і калі пачнем карыстацца ім, дык так забрудзім сваю атмасфэру, што не да квотаў стане — глядзі, каб не давялося самім плаціць…”

Байчун: “Як я зразумеў, да ідэі так званага “парніковага эфэкту” вы ставіцеся скептычна, вы стабільны перакананы праціўнік гэтай ідэі…”

Красоўскі: “Так. Бо, па-першае, клімат заўсёды зьмяняўся. Нават зусім не ў такім ужо далёкім мінулым былі значна халаднейшыя пэрыяды — згадаем хоць бы сярэднявечча, гэтаксама адбывалася і з пацяпленьнем. Мала таго: тое самае — і з вуглякіслым газам! Зафіксаваныя пэрыяды яшчэ да актыўнага забруджваньня атмасфэры прамысловасьцю, калі яго было як занадта шмат, так і занадта мала.

Зазначу яшчэ адно, ня менш важнае: СО2 — зусім ня самы галоўны “парніковы” газ! Нумар адзін — вадзяная пара. На 90 працэнтаў менавіта яна адказвае за ўвесь “парніковы эфэкт”!

А што мы зараз назіраем? Велічыня воблачнасьці павялічваецца — адпаведна, зьяўляецца новы мэханізм затрыманьня пацяпленьня.

Беларускі акадэмік Логінаў са сваімі супрацоўнікамі правялі аналіз і высьветлілі: мы маем пацяпленьне з улікам мінімальных тэмпэратураў толькі ўначы і ўзімку, а лета ў нас становіцца халаднейшае”.

Байчун: “То бок вы хочаце сказаць, што наперадзе не глябальнае пацяпленьне, а новы ледніковы пэрыяд?”

Красоўскі: “Так. І ніхто з кліматолягаў гэтага не аспрэчвае — яны кажуць, праўда, што тое будзе прыблізна праз тысячу гадоў”.

Байчун: “Дарэчы, толькі што ангельскіх навукоўцаў напярэдадні капэнгагенскай канфэрэнцыі злавілі на маніпуляцыі фактамі пра нібыта чаканае пацяпленьне…”

Красоўскі: “Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя ўжо чатыры гады цьвердзіць: мы маем паніжэньне сярэднегадавой тэмпэратуры. “Парнікоўцы” апраўдваюцца: гэта таму, што Сонца зараз у мінімуме 11-гадовага цыклю. Магчыма! Але адначасова праўда і тое, што мы знаходзімся ў максымуме векавога цыклю. А кожны пачатак стагодзьдзя заўсёды якраз цёплы, а прыкладна празь 15—20 гадоў пачынаецца пахаладаньне. Вельмі цікава, што яны скажуць неўзабаве…”

Байчун: “Уявім: маніпуляцыі грамадзкай думкай сапраўды існуюць. Каму тое выгадна?”

Красоўскі: “Што да самой ідэі тармажэньня выкідаў вуглякіслага газу ў атмасфэру, то гэта цалкам слушны захад. Аднак ня трэба яго прышпільваць да кліматычных зьменаў. То бок, калі мы адарвем Кіёцкі пратакол ад зьмяненьня клімату і дапасуем да канвэнцыі аб устойлівым разьвіцьці, то ўсё лягічна”.

Байчун: “Якая праблема аховы навакольнага асяродзьдзя найбольш актуальная сёньня для Беларусі?”

Красоўскі: “У нас тыя самыя праблемы, як і ў астатняй Эўропы: раз-пораз падмяняем паняцьце экалягічнай чысьціні паняцьцем выгады. Напрыклад, я згадваў ужо пра спробы замяніць частку газу бурым вугалем, драўнінай… Між тым менавіта дзякуючы газу мы й сталіся зялёнай краінай. І калі хоць на 10 працэнтаў зьменшым яго спажываньне праз тыя прымітыўныя “альтэрнатыўныя” варыянты, дык страцім усе шанцы на гандаль квотамі, пра якія размова ішла раней. Ну і забудземся на экалягічную чысьціню, нават тую, што ёсьць у нас сёньня. Мы толькі прайграем! Разьвіваць трэба сапраўды высокія тэхналёгіі. Тады й падправім ня толькі эканоміку, але й экалёгію.

А што да “парніковага пэрыяду”, то мне здаецца — можа, яшчэ гадоў пяць, і гэты пухір лопне…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG